Лукашэнка ўзнагародзіў Кадырава ордэнам

Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў падчас сустрэчы ў Менску ў верасьні 2017 году

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў «за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне дружалюбных адносінаў і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Чачэнскай Рэспублікай».

Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка, паведляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідэра.

Рамзан Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. У сакавіку 2016 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў за тое, каб былы паўстанец-ісламіст працягнуў працу на пасадзе кіраўніка рэспублікі. У той жа час Пуцін запатрабаваў, каб расейскае заканадаўства строга выконвалася ў гэтым пераважна мусульманскім рэгіёне.

Разбураная ў выніку дзьвюх войнаў паміж урадавымі войскамі і выступоўцамі за незалежнасьць рэгіёну паўстанцамі, Чачэнія аднаўляецца дзякуючы шчодрай фінансавай падтрымцы расейскага бюджэту. Рэспубліка застаецца рэгіёнам, які атрымлівае адны з самых буйных субсыдыяў.

Праваабарончыя арганізацыі вінавацяць Рамзана Кадырава, 41-гадовага бацьку 12 дзяцей, чые інтарэсы вар’ююцца ад пародзістых коней да барацьбы і боксу,ва ўсталяванні дыктатарскага рэжыму, масавых парушэньнях правоў чалавека і карупцыі, у адвольных арыштах і катаваньні апанэнтаў, поўным непрыманьні сэксуальных меншасьцяў і жорсткіх палітычных дэклярацыях, якія ставілі Крэмль у няёмкае становішча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытатнік чачэнскага «бацькі», які едзе ў Беларусь

Падчас сустрэчы ў верасьні 2017 году ў Менску Лукашэнка хваліў дасягненьні Кадырава і выказваў гатоўнасьць супрацоўнічаць «ня толькі з Грозным, але і разам працаваць і на Каўказе, што датычыцца эканамічных стасункаў», а Кадыраў у сваю чаргу адзначыў «наяўнасьць вялікай павагі сярод жыхароў Каўкаскага рэгіёну» да Лукашэнкі, заявіў, што «ўжо некалькі гадоў» вывучае эканоміку Беларусі і што ёсьць узаемадзеяньне зь Беларусьсю на ўзроўні ўраду, а таксама заклікаў беларусаў прыяжджаць у Чачэнію, а чачэнцаў у Беларусь.

Таксама вядома, што Рамзан Кадыраў мае добрыя стасункі з сынам Лукашэнкі, памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы і сябрам Савету бясьпекі Беларусі Віктарам Лукашэнкам. Нядаўна Віктар Лукашэнка езьдзіў да Кадырава ў госьці.