«Растуць як кабачкі». Як гарадзенец гадуе кавуны на лецішчы за горадам

Беларускія кавуны растуць ня толькі ў гаспадарцы Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах або на Палесьсі, але і ў Заходняй Беларусі. Гарадзенец Мікола Таранда вырасьціў два дзясяткі кавуноў на лецішчы за горадам у вёсцы Пагараны.

На смак і выгляд яны не адрозьніваюцца ад рынкавых, але, як кажа гаспадар, у дзесяць разоў больш карысныя.

Бахча сярод фіялетавых перцаў і брокалі

«А што, калі мы разрэжам ня той кавун? Што, калі ён будзе не чырвоны?» — перажывае дачнік за вынік сваёй працы, калі мы пачынаем гутарку на ягоным лецішчы.

Міколу Таранду 61 год, ён выкладае ў аграрным унівэрсытэце, наведвае многія культурныя імпрэзы ў горадзе, любіць фатаграфаваць і раз або два на тыдзень адвячоркам езьдзіць на лецішча за шэсьць кілямэтраў ад гораду. Зайздросьціць суседзям-дачнікам, што ў тых урадзілі бакляжаны. Жартам скардзіцца, што жонка дапамагае, але не пераносіць ужо таго лецішча.

​На ягоных дзевяці сотках, апрача «традыцыйных» бульбы, морквы, цыбулі, растуць фіялетавыя перцы, капуста брокалі, рукала ды базылік. Што насамрэч выклікае зьдзіўленьне, дык гэта бахча недзе паміж клубніцамі і памідорамі.

Кавуны добра замаскаваныя бацьвіньнем, не адразу іх і заўважыш. Зялёныя, сьціплыя, яны так гарманічна ўпісваюцца ў градкі, што на момант можа падацца, быццам гэта спрадвечная беларуская культура.

У адрозьненьне ад тых, якімі гандлююць на рынку, гэтыя не блішчаць ад васковага налёту, а крыху перапэцканыя пяском. У астатнім па памеры і выглядзе іх цяжка адрозьніць ад прывезеных з паўднёвых краін.

«Ёсьць паласатыя і непаласатыя»

Мікола Таранда працуе на лецішчы ўжо гадоў трыццаць. Але раней ня мог сабе ўявіць, што некалі будзе зьбіраць кавуновы ўраджай.

«Пытаўся ў гарадзенцаў, тыя казалі, што ня надта ўдавалася (вырошчваць кавуны. — РС). Нехта цяпер піша, што ў яго вырасьлі — памерам як яблыкі», — кажа дачнік.

У спадара Міколы кавуны важаць 8–11 кіляграмаў. На жарт пра насеньне з Драздоў адказвае, што гэта выключана.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі правялі 24 жніўня 2016 году нефармальную сустрэчу з амэрыканскім акторам Стывенам Сыгалам, на якой у тым ліку частавалі яго кавунамі

На экспэрымэнт ён наважыўся дзякуючы калегам. Прафэсар аграрнага ўнівэрсытэту Аляксандар Аўтка ўжо гадоў дзесяць вырошчвае кавуны на экспэрымэнтальным полі ў 60 сотак пад Горадняй, насеньне бярэ ў Расеі.

Ён і падараваў сёлета Таранду насеньне дзевяці гатункаў кавуноў. Узышлі шэсьць.

Назвы гатункаў падобныя да любой іншай беларускай гародніны: «Эдэм», «Рубін», «Шчодрасьць», «Ікар», «Зэніт», «Трыюмф», «Імпульс»...

Чым кавуны з аднымі паэтычнымі назвамі адрозьніваюцца ад іншых, дачнік яшчэ ня ўведаў. Дый не пазначаў на градках, дзе які гатунак, таму цяпер яны паблыталіся.

«А вось табе скажы, які гатунак. Ёсьць паласатыя і непаласатыя, — хітра жмурыцца ён. — Відаць, яны мала чым адрозьніваюцца».

Рэдка садзіць, часта паліваць, не палоць

Кавунамі спадар Мікола заняўся напрыканцы красавіка, як толькі атрымаў падарунак. Выклаў насеньне на мокры папяровы ручнік. Праўда, кажа, што лепей прарошчваць на мокрай марлі. Празь некалькі дзён, калі зярняткі праклюнуліся, перасадзіў іх у тарфяныя гаршчочкі. Цягам месяца ў іх гадавалася расада з вострымі разнымі лістамі. Недзе напрыканцы траўня або на пачатку чэрвеня гаспадар высадзіў маладыя кавуны на лецішчы, папярэдне разрэзаўшы гаршчочкі.

«Раяць іх рэдка садзіць, праз два мэтры. Я ж ня мог так, пасадзіў праз мэтар», — усьміхаецца ашчадны гаспадар.

Адразу трэба накрыць градку спанбондам, або, як спадар Мікола, паставіць цяплічку. «Ніякай саломкі і ўгнаеньняў».

Высаджваць раіць у лёгкую, пясчаную зямлю, на адкрытай высокай сонечнай прасторы. Ня варта садзіць там, дзе летась расьлі гарбузы або кабачкі.

Парады, як гадаваць ягады-гіганты, простыя.

«Нельга моцна выбіраць зельле, каб не пашкодзіць карані. Нельга палоць глыбей, чым на 5 сантымэтраў. Шмат паліваць, бо было засушлівае лета. Ніякай працаёмкасьці. Растуць як кабачкі», — кажа гарадзенец.

Калі падсыхалі лісты, ён іх абрываў, каб не заражаліся іншыя. Пырскаў кавуны тым жа, што і астатнія градкі — азотна-фосфарным угнаеньнем.

Плады сасьпеюць тады, калі адсохне бахча. Але спадар Мікола вырашыў зьняць іх раней, каб ніхто ня скраў. Першую партыю сабраў у сярэдзіне жніўня, праз тры з паловай месяцы пасьля таго, як заняўся насеньнем.

Саліць, сьпіртаваць, прамываць ныркі

Адразу пакаштавалі з жонкаю два маленькія кавуны, яны аказаліся чырвоныя і салодкія. Астатнія восем вялікіх ляжаць у будане на лецішчы і чакаюць сваёй чаргі. Яшчэ столькі ж засталося дасьпяваць на бахчы.

«Прадаваць? Ты сьмяесься зь мяне? Мы іх вельмі хутка зьямо. Хоць на Берасьцейшчыне на іх зарабляюць», — кажа спадар Мікола.

Па ягоных словах, кавуны можна саліць, але рэцэптаў сочыва, кампоту ці саленьняў з кавуна ён пакуль не шукаў.

«Сын казаў, што ў кавун можна бутэльку гарэлкі напампаваць. Так ён добра захаваецца. Думаю, з кавуна можна было б гнаць гарэлку, бо шмат цукру, але ж нельга (па законе. — РС). Урок такі, што я мала пасадзіў. Усіх сваякоў накарміў бы», — разважае спадар Мікола.

Налета ён плянуе пасадзіць болей кавуноў. Насеньне хоча ўзяць з тых пладоў, што вырасьціў сам. Да таго ж некалькі зярнятак адклаў на будучыню з падораных. Кажа, што і ў беларускіх крамах прадаюцца пакецікі з насеньнем кавуноў. Праўда, кавуновую навуку яму яшчэ належыць вывучыць, пакуль мала пра іх ведае.

«Імі можна ныркі прамываць, я думаю. Раньнія кавуны, што да нас прывозяць, немагчыма есьці, бо там шмат нітратаў. У нашых беларускіх у дзесяць разоў менш», — кажа пра карысьць ад чырвонай мякаці суразмоўца.

Спадар Мікола бярэ сярэдняга памеру кавун, які толькі зьняў з куста, каб пачаставаць гасьцей.

«Дзе яго пакладзем? Як яго рэзаць?», — перажывае гаспадар, каб не абняславіцца за свае пагаранскія кавуны.

Сьцеле газэтку і ўрэшце дзеліць зялёны шар напалам.

«Чырвоны!» — з палёгкай кажа ён, калі відаць сярэдзіна, і радуецца, як дзіця.

Ужо ўпэўнена рэжа палавінку на лусты, частуе. Салодкі сок цячэ па падбародку і руках, семкі перашкаджаюць глытаць сакавітую мякаць.

Калі ня бачыць, як яго толькі што зьнялі з грады, ні за што не здагадаесься, што гэта нейкі асаблівы кавун.

«У нас цяпер такі клімат, што можна вырошчваць што заўгодна»

«У цябе няма лецішча? Можаш нарваць радыскі. Памідоры можна з куста, але я дам табе сьпелых. Кабачкі ў цябе ёсьць?» — спадар Мікола вядзе экскурсію па рэшце сваіх сотак.

Клубніцаў зьбіраў максымум 53 вядры за сэзон. Брокалі пайшла ўжо другім наваратам за лета, першую пазрэзваў. Перцы сёлета добрыя, фіялетавы гатунак — беларускі, цешча «падсунула».

«Рукалу любіш? Ты проста ня ўмееш гатаваць запраўку. Рэцэпт такі: сланечнікавы алей, бальзамічны воцат, гарчыца гарошкам, соль, цукар. Тады будзе смачна-смачна», — вучыць гаспадар.

«Не зьняслаў мяне з маімі градамі. У мяне памідоры непадвязаныя. Будан увогуле страшны, толькі яго не здымайце», — ходзіць па сьлядах фатографа спадар Мікола і сочыць, каб нічога «непрыгожага» ня трапіла ў кадар.

На пытаньне, чаму кавуны так урадзілі, суразмоўца толькі паціскае плячыма і коратка адказвае:

«Цёплае лета. У нас цяпер такі клімат, што можна вырошчваць што заўгодна».