Пуцін пахваліўся ракетай зь ядзерным рухавіком. Яна ўпала ў мора, будуць падымаць, — CNBC

Ілюстрацыйнае фота

Расея паспрабуе падняць сваю ракету зь ядзерным рухавіком, якая ўпала ў мора пасьля няўдалага выпрабаваньня ў канцы мінулага году, паведаміла тэлекампанія CNBC.

Спасылаючыся на ананімныя крыніцы, знаёмыя з дакладам амэрыканскай выведкі, тэлекампанія паведаміла, што каманды спэцыялістаў паспрабуюць падняць запушчаную ў лістападзе ракету, якая ўпала ў Барэнцава мора на поўнач ад Нарвэгіі і Расеі.

У апэрацыі будуць удзельнічаць тры караблі, адзін зь якіх абсталяваны працаваць з радыяактыўнымі матэрыяламі з ядзернага рыштунку ракеты. Канкрэтныя тэрміны апэрацыі не названыя, паведамілі CNBC дасьведчаныя крыніцы.

У дакладзе амэрыканскай выведкі ня згадваюцца патэнцыйныя рызыкі для здароўя або навакольнага асяродзьдзя, зьвязаныя з магчымым пашкоджаньнем ядзернага рэактару ракеты, інфармуе тэлекампанія.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў аб новай ракеце зь ядзерным энэргетычным комплексам у сакавіку, заявіўшы, што яна неабмежаванай далёкасьці. Аднак шматлікія выпрабаваньні новай зброі пакуль не былі пасьпяховымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін усіх перайграў». Як мы самападманваемся кідкімі штампамі

У лістападзе–лютым Расея правяла чатыры выпрабаваньні ракеты, кожнае зь якіх скончылася аварыяй, паведамлялі раней ананімныя крыніцы CNBC.

Паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, найдаўжэйшы выпрабавальны палёт быў крыху больш за дзьве хвіліны. Ракета праляцела каля 35 км, пасьля чаго кантроль над ёй быў страчаны і яна ўпала. Найкарацейшае выпрабаваньне доўжылася чатыры сэкунды, ракета праляцела 8 км.

Расея адмаўляе факты няўдалых выпрабаваньняў.

Калі Расеі ўдасца падняць ракету, то, як мяркуюць аналітыкі амэрыканскай выведкі, Масква будзе выкарыстоўваць гэтую працэдуру як грунт для будучых эвакуацыяў пашкоджаных узбраеньняў. Як паведаміла тэлекампанія, невядома, ці ўпалі ў мора іншыя ракеты.

Паводле CNBC, ёсьць асьцярогі, зьвязаныя з магчымым працёкам радыяактыўных матэрыялаў.