ЗША і Кітай увялі новае мыта на тавары адзін аднаго

Кітайскі лідэр Сі Цзіньпін і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, Пэкін, лістапад 2017

У сераду прадстаўнікі дзьвюх краін правялі перамовы ў Вашынгтоне, але ніякіх паведамленьняў аб прагрэсе ў урэгуляваньні гандлёвых спрэчак не паступала.

ЗША і Кітай увялі дадатковае мыта на тавары адзін аднаго на суму 16 мільярдаў даляраў, якія сталі новым вітком эскаляцыі ў двухбаковых гандлёвых стасунках.

Узаемнае мыта ў 25% уступіла ў сілу з надыходам чацьвярга па вашынгтонскім часе або апоўдні па пэкінскім часе.

Урад Кітаю асудзіў павышэньне ставак мыта, палічыўшы яго парушэньнем правілаў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, і заявіла аб намеры абскардзіць яго.

Раней ЗША і Кітай ужо падвышалі мыта ў дачыненьні адзін аднаго. З 6 ліпеня ЗША падвысілі мыта на тавары з Кітаю у памеры 34 мільярдаў даляраў. У адказ Пэкін падвысіў мыта на амэрыканскія тавары на тую ж суму.

Эканоміка Кітаю замарудзіла свой рост, а таму больш ня існуе пагрозы, што ЗША страцяць статус найбуйнейшай эканомікі сьвету, заявіў Дональд Трамп, выступаючы 21 жніўня ў Заходняй Вірджыніі, паведаміла агенцтва Bloomberg

«Калі я прыйшоў, усё ішло да таго, што Кітай за вельмі кароткі час стане больш за нас. Зараз гэтага ня здарыцца» — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Трамп запэўніў, што хоча быць сябрам Кітая, аднак «ня можа не рабіць таго, што павінен рабіць».