Юрыст Трампа: прэзыдэнт забароніць публікаваць даклад спэцпракурора

Дональд Трамп і Рудзі Джуліяні

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа забараніць апублікаваць выніковы даклад, які падрыхтуе спэцпракурор Робэрт Мюлер па справе аб меркаваным расейскім ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары. Пра гэта заявіў адвакат амэрыканскага прэзыдэнта Рудзі Джуліяні выданьню The New Yorker.

Паводле агульных правілаў, намесьнік генпракурора Род Розэнстайн павінен будзе раскрыць зьмест дакумэнту Мюлера для Кангрэсу і грамадзкасьці. Джуліяні, аднак, паведаміў пра дамоўленасьць паміж юрыстамі прэзыдэнта і спэцпракурором, паводле якой кіраўнік дзяржавы мае права заблякаваць публічнае распаўсюджваньне гэтага дакладу. Паводле Джуліяні, Трамп, несумненна, скарыстаецца прывілеем. Калі прэзыдэнт і чыноўнікі маюць права захоўваць у сакрэце канфідэнцыйную інфармацыю афіцыйнага характару.

Цяпер юрысты Трампа рыхтуюць "контра-даклад", закліканы абвергнуць заключную справаздачу Мюлера. Джуліяні мае намер паставіць пад сумнеў саму законнасьць расьсьледаваньня і даказаць адсутнасьць сувязяў паміж Трампам і Крамлём.

Раней паведамлялася, Мюлер ужо гэтай восеньню можа завяршыць расьсьледаваньне, пачатае ў траўні мінулага года.

Сам амэрыканскі лідэр неаднаразова называў расьсьледаваньне Мюлера "паляваньнем на ведзьмаў", а таксама спробай Дэмакратычнай партыі адпомсьціць за паразу сваёй кандыдаткі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году.