Пачаўся збор подпісаў у падтрымку законапраекту пра бел-чырвона-белы сьцяг

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абвясьціла збор подпісаў у падтрымку прыняцьця Закону Рэспублікі Беларусь «Аб выкарыстаньні і ахове першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь».

Подпісы зьбіраюць праз Google-форму, у ёй неабходна пазначыць:

  • Прозьвішча, імя і імя па бацьку;
  • Паштовы і электронны адрас.

На момант публікацыі ў падтрымку законапраекта падпісаліся больш за 300 разоў, паведаміў Свабодзе памочнік Канапацкай Дзяніс Ціханенка. Таксама ён патлумачыў, што палітык вырашыла зьбіраць подпісы праз Google-форму, каб мець дадзеныя падпісантаў неабходныя па заканадаўству аб зваротах. Сайт petitions.by не перадае гэтую інфармацыю аўтарам пэтыцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая распрацавала законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга. Што яна прапануе

Вядома, што дэпутатка будзе выносіць дакумэнт на парлямэнцкую сэсію, калі менавіта не ўдакладніла. Першапачаткова Канапацкая хацела накіраваць праект закону ў Палату прадстаўнікоў пасьля 21 траўня.

«Пабачым адказы Мінюста, Мінкульта і Мус, тады вырашым, як лепш дзейнічаць далей», — адказаў на пытаньне пра тэрмін накіраваньня дакумэнту ў Палату прадстаўнікоў Дзяніс Ціханенка.

Міністэрствы мусяць адказаць да 3 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі

Што важна ведаць аб законапраекце пра бел-чырвона-белы сьцяг

14 траўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прэзэнтавала грамадзкасьці законапраект аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга.

  • Дакумэнт накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі.
  • Пра сваё аўтарства на законапраект заяўляў былы студэнт юрыдычнага факультэту БДУ.
  • Раней кампаніямі за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці займаліся «Арт Сядзіба», «Гавары праўду» і «Малады Фронт»​.
  • Дзяржаўным сымбалем Рэспублікі Беларусь бел-чырвона-белы сьцяг быў з 1991 па 1995 год.