У сталіцы Інгушэтыі працягваюцца пратэсты, у вулічным лягеры вараць плоў

У Магасе, дзе сытуацыя найбольш напружаная, абмежаваная сувязь.

Сытуацыя ў інгускай сталіцы Магасе застаецца напружанай. Як толькі ў людзей зьяўляецца вольная хвілінка, яны прыходзяць на мітынг, перадае карэспандэнт «Кавказ.Реалии».

Праваахоўныя органы пратэстоўцам не перашкаджаюць, многія зь іх у прыватных размовах згаджаюцца з патрабаваньнямі мітынгоўцаў. Сілавікі моляцца і ядуць разам з удзельнікамі пратэстаў. Ежу гатуюць бесперапынна на месцы ў казанах. Паставілі таксама кантэйнеры для сьмецьця.

Тысячы людзей на бульвары імя Хрушчова ў сталіцы Інгушэтыі сталі ўжо звыклай зьявай. Як паведамляюць мясцовыя журналісты, у Магасе шмат свабодных гатэляў, але нумары практычна не здаюцца. Інтэрнэт ёсьць толькі ў гатэлях, кавярнях і ў дзяржустановах.

Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што ня маюць намеру разыходзіцца, пакуль пагадненне паміж Юнус-Бекам Еўкуравым і Рамзанам Кадыравым не будзе адмененае (кіраўнік Інгушэтыі пагадзіўся перадаць Чачні частку тэрыторыі рэспублікі, што стала прычынай для масавых пратэстаў. — РС). Мітынгоўцы зьбіраюць подпісы за адмену «нераўнапраўнага абмену землямі». Актывісты просяць мясцовых дэпутатаў правесьці сход для ўрэгуляваньня пытаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскай Інгушэтыі працягваецца пратэст супраць перадачы земляў Чачэніі

На сувязі застаюцца толькі 13 з 25 дэпутатаў інгускага парлямэнту. У астатніх альбо адключаныя тэлефоны, альбо няма пазыцыі. Мясцовыя ўлады санкцыянавалі акцыю пратэсту да 15 кастрычніка. Пратэстоўцы заяўляюць, што будуць стаяць да сваёй перамогі.