Суд над камандзірамі Коржыча. Стала вядома, якое пакараньне запатрабаваў пракурор

Падсудныя Артур Вірбал (зьлева), Павал Сукавенка (справа)

Паводле частак 1 і 2 артыкулу 455 КК Рэспублікі Беларусь Паўлу Сукавенку і Арутру Вірбалу пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс у справе былога старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала пачаўся ў Менску 1 кастрычніка. Ужо 11-га ў судовай залі прайшлі спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа запрасіў для абодвух пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі. На думку пракурора, віна абвінавачаных была цалкам даказаная, таму Паўла Сукавенку неабходна пакараць 6 гадамі пазбаўленьня волі бяз штрафу і канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў, Артура Вірбала — 4 гадамі пазбаўленьня волі, бяз штрафу і канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на працягу 5 гадоў. Абодвух абвінавачаных пракурор просіць пазбавіць вайсковых званьняў.

«Вірбал і Сукавенка як начальнікі мелі права даваць падначаленым загады, — сказаў пракурор падчас свайго выступленьня. — Яны павінны былі праяўляць уважлівасьць у адносінах з падначаленымі, ведаць свае абавязкі, патрабаваць ад падначаленых выкананьня іх абавязкаў. Аднак Вірбал і Сукавенка ўчынілі шэраг злачынстваў, якія сталі прычынай фізычных і маральных пакут у іх падначаленых. Вірбал сваю віну прызнаў цалкам, Сукавенка часткова. Нешта ня ўспомніў, нешта адмовіў. Тым ня менш віна падсудных падчас судовага разбору была даказаная цалкам».

«Прашу строга не караць абвінавачаных, — сказаў пацярпелы сяржант Субоцкі. — Скаргаў і прэтэнзій да іх ня маю». Іншыя абвінавачаныя таксама ня выказалі прэтэнзій да сваіх былых начальнікаў. «Хацелася б, каб пакараньне было больш мяккім», — сказаў пацярпелы Брыцікаў. Сяржант Бараноўскі, які праходзіць абвінавачаным у справе Коржыча, папрасіў суд не караць Сукавенку і Вірбала пакараньнем волі. Пацярпелы Берднік увогуле папрасіў судзьдзю апраўдаць абвінавачаных.

Павал Сукавенка і Артур Вірбал былі затрыманыя ў кастрычніку 2017 году, неўзабаве пасьля таго, як у падвале будынка мэдычнай роты барысаўскіх Печаў было знойдзенае цела Аляксандра Корыжча. Першапачаткова абодва затрыманыя праходзілі ў справе Коржыча, аднак у красавіку 2018 году стала вядома, што іхныя справы выдзеленая ў асобную. Віны Сукавенкі і Вірбала, якія кіравалі ротай Коржыча, у ягонай сьмерці сьледзтва не знайшло.

Сукавенку і Вірбала абвінавацілі паводле 1 і 2 частак 455 артыкулу Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай альбо бязьдзеяньне ўлады. На працэсе абодва прызналі, што неаднаразова білі падначаленых салдат, прымушалі іх набываць прадукты харчаваньня і цыгарэты, а таксама незаконна вымушалі выконваць фізычныя практыкаваньні. Сваю віну Артур Вірбал прызнаў цалкам, Павал Сукавенка адмаўляе, што рабіў гэта з мэтай павялічыць свой аўтарытэт альбо нажыцца за кошт салдатаў. У прыватнасьці, эпізод з прысвойваньнем сабе часткі прызначаных для падначаленых шарагоўцаў і сяржантаў грошай, Павал Сукавенка патлумачыў неабходнасьцю накіроўваць іх на бягучыя патрэбы часткі.

І Сукавенка і Вірбал падчас разгляду справы заявілі пра ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, якія вялі іхную справу ў кастрычніку мінулага году.

Павал Сукавенка, які ўзначаліў роту за некалькі месяцаў да арышту, зьяўляецца адзіным афіцэрам, які трапіў пад суд пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча. Яшчэ некалькі камандзіраў з барысаўскіх Печаў пасьля гэтага трагічнага выпадку былі звольненыя з арміі, некаторых перавялі на новае месца працы.

Адвакаты абвінавачаных не пагадзіліся з прапановамі дзяржаўнага абвінаваўцы і папрасілі суд прызначыць іх падабаронным пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

«Верагодна, такія мэтады пакараньняў, якія прымяняў Сукавенка, існавалі ў войску да яго, — сказаў у сваёй прамове адвакат Паўла Сукавенкі Аляксандар Галіеў. — І, магчыма, існуюць і зараз. Я мяркую, не Сукавенка вінаваты ў тым, што такія мэтады існуюць. Тое, што адбылося, гэта вынік сыстэмных парушэньняў, і не Сукавенка іх прыдумаў. Прашу ўлічыць адсутнасьць прэтэнзій з боку пацярпелых, а таксама прызнаньне сваёй віны і прызначыць майму падабароннаму пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шараговае самагубства». Першы дакумэнтальны фільм пра справу Коржыча