Бронзавы звон, дзьверы сядзібы, плякаты Зянона. У Менску адкрылася выстава да 30-годзьдзя БНФ. ФОТА

У сядзібе Партыі БНФ адкрылася выстава, прысьвечаная 30-м угодкам стварэньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Экспануюцца дакумэнтальныя і матэрыяльныя сьведчаньні той гістарычнай падзеі.

Як ствараўся БНФ

19 кастрычніка 1988 году заснавальнікі Таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» сабраліся на сваё паседжаньне ў менскім Чырвоным касьцёле, тагачасным Доме кіно. Менавіта тады была агучаная ідэя, каб і ў Беларусі паўстала дэмакратычная сіла на ўзор народных франтоў у краінах Балтыі.

Сход падтрымаў ініцыятыву, быў абвешчаны склад аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

​Каля вытокаў фронтаўскага руху сталі вядомыя асобы, якія прадстаўлялі самыя розныя сфэры. У ліку першых — будучы старшыня БНФ Зянон Пазьняк, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Анатоль Варава, Ігар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Алесь Суша, пісьменьнікі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Міхась Дубянецкі, Васіль Якавенка, паэт Ніл Гілевіч, літаратуразнаўца Вячаслаў Жыбуль, філёлягі Пятро Садоўскі, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, мастакі Яўген Кулік, Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Генадзь Тумаш, Сымон Сьвістуновіч, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, рэжысэр Валеры Масьлюк, музэйны работнік Алесь Бяляцкі, фізык Юры Хадыка, матэматык Юры Дракахруст. Пазьней гэтыя шэрагі пашыраліся.

Першай рэзананснай акцыяй БНФ «Адраджэньне» стаў мітынг на Дзяды ва ўрочышчы Курапаты 30 кастрычніка 1988 году, прысьвечаны памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Незадоўга да гэтага Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў на старонках газэты «Літаратура і мастацтва» адкрылі грамадзкасьці праўду пра масавыя расстрэлы «ворагаў народу» пад Менскам. Удзельнікі акцыі былі жорстка разагнаныя міліцыяй. У наступныя гады БНФ стаў асноўнай палітычнай сілай, якая прысьпешыла незалежнасьць Беларусі.

Дакумэнты і артэфакты

У памяць пра тагачасныя падзеі ў сядзібе Партыі БНФ выстаўленыя экспанаты, якія вяртаюць у 1988 год, у яшчэ савецкую Беларусь. Праграма і Статут БНФ, Асноўныя кірункі рэформаў для выхаду з крызісу, першыя перадвыбарныя плякаты Зянона Пазьняка ды іншых фронтаўскіх кандыдатаў, афіша канцэрту «Рок за БНФ!».

На пачэсным месцы — матэрыяльныя артэфакты, якія памятаюць дзясяткі мітынгаў. У прыватнасьці, пацярпелы ў сутычках зь міліцыяй у 1996-м абраз Маці Божай ахвяраў Чарнобылю работы Аляксея Марачкіна, «Звон Свабоды» скульптара Алеся Шатэрніка.

Знайшлося месца для масіўных дзьвярэй з элемэнтам арнамэнту, якія партыйцы вывезьлі з былой сваёй сядзібы на вуліцы Варвашэні. Тут жа салідныя мэталічныя шыльды з пазнакай Сойму і Ўправы БНФ.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Чавусаў патлумачыў канцэптуальную задуму выставы.

«На 25-годзьдзе аргкамітэту БНФ мы ладзілі падобную выставу, але складзеную выключна з улётак і плякатаў, — кажа ён. — Цяпер вырашылі паказаць яшчэ і памятныя рэчы, якія адлюстроўваюць ня толькі гісторыю фронту, а і шлях нашага грамадзтва за апошнія 30 гадоў. Такім чынам, канцэптуальна вымалёўваюцца дзьве знакавыя даты: экспанаты, зьвязаныя з традыцыйным „Чарнобыльскім шляхам“ 26 красавіка, а таксама з Днём Волі 25 сакавіка».

Юрась Чавусаў

​Як сказаў Чавусаў, з адным экспанатам ужо чвэрць стагодзьдзя не ўдаецца «разьвітацца», хоць вельмі гэтага хочацца. Гаворка пра мэмарыяльную дошку аўтарства Алеся Шатэрніка, зробленую ім у 1993 годзе да юбілею абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Мала таго, сёлета кампанію ёй склала яшчэ адна шыльда, адноўленая па старых лякалах скульптарам Ігарам Засімовічам да 100-годзьдзя БНР. І тую, і другую менскія ўлады спачатку абяцалі ўсталяваць на вуліцы Валадарскага, 9, дзе адбылася гістарычная падзея, але ходу справе так і не далі.

Ідэі БНФ застаюцца актуальнымі

Мастак Аляксей Марачкін, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту, згадаў пра нядаўнюю прэзэнтацыю ў гэтых жа сьценах дакумэнтальных кніг Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці» — яны самі па сабе дакумэнтальныя сьведчаньні шляху да беларускай незалежнасьці.

Аляксей Марачкін

«Я вельмі рады, што мы адзначаем гэты юбілей: як бы там ні было — пры ўсіх вядомых нам расколах, падзелах — усё ж ідэі Народнага Фронту жывуць і натхняюць, — сказаў прамоўца. — Для мяне гэта і да сёньня адзін з памятных дзён, калі 19 кастрычніка 1988 году мы сабраліся ў Чырвоным касьцёле і, па сутнасьці, пачалі ствараць новую гісторыю. Сяргей Навумчык у сваіх палітычных летапісах у „Бібліятэцы Свабоды“ вельмі хораша пра тое згадаў: гэта сапраўды стала трамплінам да новай, незалежнай Беларусі».

​Яшчэ адзін непасрэдны сьведка і ўдзельнік той знакавай падзеі, экс-кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, адзначыў: многія ідэі, агучаныя ягонымі аднадумцамі ў канцы 1980-х, актуальныя і да сёньня.

Лявон Баршчэўскі

«Тое, што зрабіў Народны Фронт, неацэнна. Але трэба прызнаць і хібы: не ўдалося памяняць сыстэму ўлады, кіруюць усё тыя ж савецкія кіраўнікі, якія вучыліся ў сваіх настаўнікаў-камуністаў. Гэтую частку ня выканалі. Пра гэта падчас прэзэнтацыі кніжак Сяргея Навумчыка вельмі трапна казаў дэпутат нашага Вярхоўнага Савету Сяргей Антончык: як толькі ўдалося дамагчыся прыпыненьня дзейнасьці КПСС, ад актыўнай дзейнасьці адышлі чыстыя антыкамуністы. І гэта якраз фронт аслабіла, бо сіла была ў спалучэньні нацыянальных ідэалаў з антыкамунізмам».

Пра ролю Беларускага Народнага Фронту ў жыцьці краіны нагадваюць экспанаты, многія зь якіх ужо сёньня маюць гістарычную каштоўнасьць. Арганізатары выставы спадзяюцца, што калі-небудзь гэтыя ўнікальныя рэчы абавязкова зоймуць пачэснае месца ў будучым музэі Незалежнасьці, пакуль жа іх вымаюць на сьвет толькі пры юбілейных нагодах.

30 гадоў таму быў утвораны Аргкамітэт БНФ

Незалежнасьць і адраджэньне: лідэры БНФ розных часоў падводзяць вынікі

Адны сьвяткуюць 30-годзьдзе БНФ, другія — 100-годзьдзе камсамолу