Лукашэнка заявіў, што палякі сваёй вайсковай базай змусяць і яго «нешта разьмяшчаць» разам з Расеяй

Наведваючы Аршанскі раён Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў намер Польшчы стварыць у краіне супольную з ЗША вайсковую базу.

Паводле кіраўніка краіны, гэтую тэму ён закранаў падчас гутаркі зь міністрам замежных справаў Польшчы Яцэкам Чапутовічам.

«Я міністру замежных спраў сказаў — ён выступаў у нас у Менску: мы з вамі ваяваць не зьбіраемся. Таму не трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расейцамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта разьмяшчаць, каб вам процідзейнічаць», — заявіў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Балбасава.

Раней пра такую магчымасьць выказваўся міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Паводле яго, Беларусь не плянуе дазволіць Расеі разьмясьціць яе войскі на тэрыторыі краіны, аднак можа перагледзець сваю пазыцыю, калі, напрыклад, у Польшчы будзе пастаянна прысутнічаць амэрыканскі кантынгент.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка наведвае раён, дзе чыноўнікі «ня любяць людзей»

Міністэрства абароны Польшча прапанавала Злучаным Штатам разьмясьціць на тэрыторыі краіны на пастаяннай аснове бранятанкавую дывізію. На стварэньне амэрыканскай ваеннай базы Варшава гатовая вылучыць да 2-х мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антырасейскі бастыён. Польшча хоча назваць базу ЗША «Фортам Трамп» і гатовая ўкласьці ў яе $2 млрд

Злучаныя Штаты ў дадзены момант вывучаюць магчымасьць разьмяшчэньня у Польшчы сваёй вайсковай базы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Паротнікаў: Гандаль аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх базаў аднаўляецца