Час зьбіраць камяні. Грамадзкасьць заклікае дапамагчы рэстаўратарам Крэўскага замка

Руины Крэўскага замка

Грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка зьвярнуўся да ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі.

Ён кажа, што гутарыў з рэстаўратарамі Крэўскага замка і тыя паскардзіліся, што ў іх... скончыліся камяні. Усё, што раней вываліліся з муроў, паднята зь зямлі і ахайна ўстаўлена на месца. Запасу фактычна няма.

«Зразумела, што за столькі гадоў разбурэньня шмат што расьцягалі па ўласных і дзяржаўных будоўлях, — адзначае ён. — Цяпер шукаецца нейкае комплекснае рашэньне праблемы. Але ў той жа час рэстаўратары будуць удзячныя кожнаму, хто прывязе ў Крэва хоць колькі камянёў дыямэтрам 30-50 см. Можна і меншыя, ад 15 см — пойдуць у забутоўку. Нікому адмыслова паведамляць ня трэба — проста кладзіце каля галоўнага ўваходу».

Аднаўленчыя працы ў Крэве

Як нагадвае Глеб Лабадзенка, у свой час існаваў праклён: каб ты ўсё жыцьцё цягаў камяні на Крэўскі замак! Тады людзей прымушалі рабіць гэта сілком. Але цяпер кожны беларус мае шанец добраахвотна зрабіць унёсак у справу аднаўленьня легандарнага замка з 700-гадовай гісторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камяні, цэгла, мазаіка. Тры пытаньні да гісторыка Чарняўскага ў сувязі з рэстаўрацыяй Крэўскага замка

Як паведамляла Свабода, працягваюцца аднаўленчыя работы на руінах Крэўскага замка XIV стагодзьдзя. Сёлета на ўратаваньне аднаго з самых вядомых гістарычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі выдзелена амаль паўмільёна даляраў з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва.

Княская вежа і частка муроў

Пасьля кансэрвацыі Княскай вежы будаўнікі ўзяліся за паўночна-заходнюю сьцяну. Яна мае амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягае да 10 мэтраў у вышыню. Гэтая частка захавалася лепш за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў у часе Першай сусьветнай вайны.

У старажытныя муры вярнулі аўтэнтычныя камяні, «вышчарбленыя» фрагмэнты закладаюцца чырвонай цэглай. Як і ў выпадку зь вежай, сьцяну мяркуецца накрыць дахам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Дзярновіч задаволены, як ідзе кансэрвацыя руін Крэўскага замка. ФОТА