У ЗША пачаліся пратэсты ў абарону спэцпракурора, які расьсьледуе ўмяшаньне Расеі ў выбары

Cпэцпракурор Робэрт Мюлер

Намесьнік генпракурора ЗША заявіў сёньня ў судзе, што Ўітакер можа звольніць Мюлера, калі будуць выкананыя некалькі ўмоваў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Адразу ў некалькіх буйных амэрыканскіх гарадах адбыліся акцыі пратэсту, удзельнікі перасьцерагаюць Белы дом ад звальненьня спэцпракурора Робэрта Мюлера, якія вядзе расьсьледаваньне магчымых сувязяў перадвыбарнай кампаніі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Расеяй.

Увечары 8 лістапада акцыі пад назвай «Хуткае рэагаваньне для абароны Мюлера» пачаліся ля Белага дома ў Вашынгтоне, у цэнтры Мангэтану, на плошчы Таймс-сквэр і ў іншых буйных амэрыканскіх гарадах.

У Нью-Ёрку, як піша Reuters, на акцыю выйшлі тысячы чалавек. Яны трымалі ў руках плякаты з надпісамі «Рукі прэч ад Мюлера» і «Ўітакер павінен узяць самаадвод».

Паводле інфармацыі часопіса Washingtonian, галоўны арганізатар пратэстаў — сетка праваабарончых арганізацый Nobody Is Above The Law ( «Ніхто ня можа быць вышэйшым за закон»). У групу ўваходзяць больш за 30 арганізацый па абароне грамадзянскіх правоў з усёй краіны.

Гэтыя ж актывісты, піша Washingtonian, арганізавалі ў чэрвені мінулага году агульнанацыянальную акцыю «Марш за праўду». Тады яны запатрабавалі ад Белага дома ўнесьці яснасьць у сытуацыю з расьсьледаваньнем магчымага расейскага ўмяшаньня ў выбары 2016 году.

Па словах сузаснавальніка праваабарончай сеткі Джордана Уля, падобныя акцыі праходзяць «у сотнях гарадоў» па ўсёй краіне. Чакаецца, што ў пратэстах возьмуць удзел да 400 тысяч чалавек, сьцьвярджаюць арганізатары.

Арганізатары пратэстаў абвінавачваюць прэзыдэнта Трампа ў тым, што ён прызначыў свайго «прысьпешніка» Мэта Ўітакера выконваць абавязкі генпракурора пасьля звальненьня Джэфа Сжшнса 7 лістапада. Уітакер цяпер мае паўнамоцтвы для назіраньня за справай аб расейскім ўмяшаньні, якую вядзе каманда спэцпракурора Робэрта Мюлера. Удзельнікі пратэстаў асьцерагаюцца, што Ўітакер можа перашкодзіць расьсьледаваньню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор ЗША пакінуў пост на просьбу Трампа