Беларускую царкву назвалі найлепшым рэлігійным будынкам сьвету на архітэктурным фэсьце ў Амстэрдаме

Беларуская ўніяцкая царква ў Лёндане перамагла ў катэгорыі «Найлепшы рэлігійны будынак» на Сусьветным архітэктурным фэстывалі ў Амстэрдаме.

Пра гэта ў чацьвер позна ўвечары было абвешчана ў сталіцы Нідэрляндаў, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія абвяшчэньня ляўрэатаў прэміі. Відэа моманту абвяшчаньня пераможцы ў намінацыі за найлепшы рэлігійны будынак зьмешчанае на Фэйсбук-акаўнце кампаніі Spheron Architects, якая зьяўляецца аўтарам праекту беларускай царквы.

Царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага пабудавалі каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане ў 2016 годзе. Яна стала першым драўляным храмам Лёндану з 1666 году. Царква — храм-помнік ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Каб адчуць беларускую архітэктуру, Со Цзыўай адмыслова прыяжджаў у Беларусь і знаёміўся з аўтэнтычнымі драўлянымі цэрквамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую царкву намінавалі на галоўную архітэктурную прэмію Эўразьвязу

У катэгорыі за найлепшы рэлігійны будынак сьвету летась перамаглі могілкі ў Бушы (Вялікабрытанія).

​Штогадовы Сусьветны архітэктурны фэстываль лічыцца адной з найважнейшых імпрэзаў у сьвеце, прысьвечаных архітэктуры. На ім уручаюць прэміі ў 24 намінацыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу адкрыць архітэктурнае бюро ў Менску», — Цзыўай Со, аўтар беларускай царквы ў Лёндане

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане ўрачыста асьвяцілі новую беларускую грэка-каталіцкую царкву ФОТА