Сьледчыя Ізраілю рэкамэндуюць абвінаваціць прэм’ер-міністра і ягоную жонку ў карупцыі

Біньямін Нэтаньягу, прэм'ер-міністар Ізраілю

Хабар, махлярства і падрыў грамадзянскага даверу — такія абвінавачаньні могуць быць высунутыя супраць прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу і ягонай жонкі Сары Нэтаньягу.

Інфармацыя стала вядомая з дазволу генэральнага пракурора Ізраілю. Ён жа мае прыняць рашэньне, ці выстаўляць прэм’ер-міністру афіцыйныя абвінавачаньні, — піша Jerusalem Post.

Расьсьледаваньне праводзіцца ў межах так званай «справы 4000». Разам зь сям’ёй прэм’ер-міністра падазрэньні ў карупцыі выстаўленыя цэламу шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў.

З 2014 па 2017 гады Нэтаньягу спалучаў пост прэм’ер-міністра з пасадай міністра сувязі. Сьледства мяркуе, што ў гэты пэрыяд ён дапамог кампаніі «Бэзэк» павялічыць прыбытак у абмен на станоўчае асьвятленьне ягонай працы. «Бэзэк» узначальвае сябар Нэтаньягу Шаўль Яловіч. Супраць яго таксама могуць быць выстаўленыя абвінавачаньні.

Сам Біньямін Нэтаньягу абвінавачаньні адкідае.