Адключаюць камэнтары, рэгіструюць праз SMS: як жывуць СМІ пры новых правілах

Новыя правілы рэгістрацыі для карыстальнікаў сайтаў СМІ, каб пакідаць камэнтары

Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў напісаць камэнтары на беларускіх інфармацыйных сайтах пасьля ўступленьня ў сілу паправак у закон «​Аб СМІ»​.

З 1 сьнежня ў выніку паправак у закон «​Аб СМІ» зьмяніліся правілы камэнтаваньня на сайтах. Карыстальнікам неабходна рэгістравацца, даючы свой нумар тэлефона.

Tut.by і onliner.by уключылі рэгістрацыю праз SMS

Матэрыялы на двух буйных беларускіх парталах Tut.by і Onliner.by цяпер можна камэнтаваць толькі тады, калі пройдзеш рэгістрацыю праз свой тэлефон.

Пры рэгістрацыі трэба ўвесьці нумар тэлефона, на яго прыходзіць SMS з кодам, які неабходна ўвесьці, тады можна камэнтаваць. Выглядае, што ў сьвежых камэнтарах на onliner.by і tut.by нічога асабліва не зьмянілася: крытыкі ўлады хапае, як і раней.

Раней першы намесьнік міністра інфармацыі Павел Лёгкі заяўляў, што для ідэнтыфікацыі карыстальнікаў на інтэрнэт-рэсурсах акрамя SMS можна будзе выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і электронную пошту.

Нічога не прыдумляць, проста адключыць камэнтары

Некаторыя СМІ пайшлі найбольш простым шляхам і адключылі камэнтары, бо, каб запраграмаваць магчымасьць SMS-рэгістрацыі, патрэбны час і выдаткі. 3 1 сьнежня на сайтах «Нашай нівы», «Эўрарадыё», Naviny.by проста няма магчымасьці камэнтаваць матэрыялы.

На сайце Свабоды камэнтары па-ранейшаму магчымыя праз Фэйсбук.

Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ

Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.

Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:

  • пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
  • абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
  • абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.

Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія мэдыя абмяжуюць ананімныя камэнтары на сайтах зь 1 сьнежня