У Гомлі пачаўся суд у справе былога старшыні райвыканкаму. Яму пагражае 15 гадоў турмы

Аляксандар Сітніца

4 сьнежня ў Гомлі пачаўся разгляд гучнай справы былога старшыні Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцы. Чыноўніка абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — перавышэньне ўлады (ч.3 арт. 426) і атрыманьне хабару (ч. 3 арт. 430).

Сваякі Сітніцы (жонка, дзеці — сыну 22, дачцэ 9 гадоў) на суд не прыйшлі.

У красавіку кіраўніка выканкаму затрымалі праваахоўныя органы.

Папярэднічалі затрыманьню чыноўніка дэтэктыўныя падзеі. З сайту райвыканкаму зьнікае прозьвішча Сітніцы, а сам ён не зьяўляцца ані на працы, ані дома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, чыноўнік уцёк у Расею. Гомельскі аблвыканкам афіцыйна паведаміў: кіраўнік райвыканкаму вызвалены ад пасады за грубае парушэньне працоўных абавязкаў — прагулы.

Неўзабаве міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пацьвердзіў, што чыноўніка затрымалі. «Выяўлены шматлікія факты атрыманьня хабару і злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі старшынём Гомельскага райвыканкаму», — праінфармаваў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыя ў Беларусі і ў рэгіёне вачыма амэрыканскіх юрыстаў

Паводле інфармацыі МУС, на працягу трох гадоў Сітніца браў хабар за неабгрунтаваныя льготы і перавагі розным камэрцыйным структурам, якія працуюць у сфэрах зямельных дачыненьняў, будаўнічых работ, камунальна-бытавых паслуг.

Паводле інфармацыі МУС, «нягледзячы на спробу схавацца ад праваахоўных органаў, экс-кіраўнік быў затрыманы супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар».

Пазьней у Следчым камітэце дадалі, што Сітніцу прад’яўлена абвінавачваньне паводле артыкулу за хабар, але ніякіх падрабязнасьцяў справы не раскрылі да гэтага часу. Чакаецца, што ўсё высьветліцца падчас судовага працэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінт вушамі. Як у Міністэрстве аховы здароўя зьбіраюцца перамагчы карупцыю

Ёсьць вэрсія, што першапачаткова сваю крымінальную справу Сітніца справакаваў сам дзіўнымі паводзінамі пасьля ўдзелу ў нарадзе ў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы казаў пра карупцыю і папярэджваў, каб чыноўнікі не чакалі літасьці:

— Я ўжо праінфармаваны па дзесятку чыноўнікаў, што тут сядзяць <...> Справы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазьні і заканчваючы уласным, і для дзяцей, і для сябе жыльлём, загады раздае.

Так супала, што Сітніца якраз будаваў лазьню, пачаў нэрвавацца і ў выніку вырашыў уцякаць у Расею.

Калі суд палічыць віну Сітніцы даказанай, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.