Міністэрства інфармацыі заблякавала 151 інтэрнэт-рэсурс за рэкляму наркотыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 151 інтэрнэт-рэсурсу, зьвязанага з продажам наркотыкаў. Такая інфармацыя разьмешчаная ў афіцыйным твітэр-акаўнце міністэрства.

«Міністэрства інфармацыі 6 сьнежня прыняло рашэньне аб абмежаваньні доступу да 151 інтэрнэт-рэсурсу за разьмяшчэньне інфармацыі аб продажы наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Якія канкрэтна інтэрнэт-рэсурсы заблякаваныя, не паведамляецца.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.