«Гэтая працэдура павінна нас узмацніць», — апазыцынэры-правацэнтрысты рыхтуюцца да праймэрыз

Юрась Губарэвіч

Беларускія правацэнтрысты (у кааліцыю ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя») плянуюць прыступіць у студзені 2019 года да пачатку рэалізацыі правядзеньня праймэрыз па вызначэньні агульнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Згодна з заканадаўствам чарговыя выбары прэзыдэнта павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году. Пра неабходнасьць правядзеньня праймэрыз для вылучэньня агульнага кандыдата на іх прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі заявілі ў канцы верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец: «Я гатовы стаць беларускім Пашыньянам»

У пачатку кастрычніка аргкамітэт БХД заявіў пра гатоўнасьць вылучыць для ўдзелу ў праймэрыз сустаршыню арганізацыі Паўла Севярынца. 15 сьнежня на справаздачнай-выбарчай канфэрэнцыі руху «За Свабоду» было прынята рашэньне пра верагодны ўдзел у праймэрыз старшыні арганізацыі Юрыя Губарэвіча.

«Мы чакаем прозьвішча прэтэндэнта, якога са свайго боку назаве АГП. Пасьля гэтага можна будзе пераходзіць непасрэдна да працэдуры правядзеньня праймэрыз», — паведаміў БелаПАН Губарэвіч.

«Тэхнічная частку ў рамках кааліцыі ўжо прагавораная, — сказаў ён. — Думаю, у выпадку спрыяльнага разьвіцьця падзей, ужо ў пачатку 2019 года мы зможам паведаміць аб канкрэтным графіку, калі, як, у якіх рэгіёнах, у якой пасьлядоўнасьці і ў якіх формах будзе праходзіць працэдура абраньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай кааліцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына распавяла, чаму ня хоча дзьвюх выбарчых кампаній у адзін год

Паводле яго слоў, прадстаўнікі кааліцыі рэгулярна праводзяць сустрэчы, «перамовы праходзяць пасьпяхова, падводных камянёў няма». «Ёсьць агульны настрой, што мы ідзем да агульнага выніку. Ёсьць разуменьне, што гэтая працэдура павінна нас узмацніць, а не разьядноўваць. Прыкметы канкурэнцыі паміж арганізацыямі будуць, але мы адказна паставімся і зробім усё магчымае, каб адзіны кандыдат меў падтрымку ўсіх структур кааліцыі», — заявіў Губарэвіч.

Працэдуру будучых праймэрыз ён назваў адкрытай для іншых арганізацый. "Да ўсіх адказных арганізацый мы зьвяртаемся з заклікам далучацца да ўдзелу ў іх. Вядома, ёсьць пэўныя рамкі, у якіх будуць названыя кандыдатуры. Натуральна, што прыхільнікі "рускага сьвету"або тыя, хто выступае супраць незалежнасьці Беларусі і дэмакратычных рэформаў у ёй, ня змогуць стаць часткай гэтай працэдуры", — паведаміў палітык.