Праваслаўным беларусам забаранілі маліцца ў храмах Праваслаўнай царквы Ўкраіны

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін

Праваслаўныя вернікі Беларусі ня маюць права браць удзел у таінствах новаўтворанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін.

Таксама айцец Сергій сказаў, што беларускія праваслаўныя «ня могуць браць удзелу» у набажэнствах ПЦУ.

15 сьнежня на аб’яднаўчым саборы ў Кіеве выбралі галаву адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы — Эпіфанія. Ён быў мітрапалітам Пераяслаўскім і Белацаркоўскім, рэктарам Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб'яднаўчы сабор у Кіеве абраў кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы

Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква ставіцца да ўтварэньня Праваслаўнай царквы Ўкраіны гэтаксама, як і Расейская праваслаўная царква.

​«Як да пэўных вонкавых падзей, якія ня маюць дачыненьня непасрэдна да жыцьця кананічнай Праваслаўнай царквы».

Таксама, паводле айца Сергія Лепіна, кіраўніцтва БПЦ не накіроўвала віншаваньня першаярарху Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеўскі мітрапаліт распавёў пра першыя крокі і адносіны з Маскоўскім патрыярхатам

«Мы сябры для ўсіх»

Ці будуць падтрымлівацца кантакты паміж БПЦ і ПЦУ?

«Якія кантакты? Звычайныя добрасуседзкія кантакты. Мы не шукаем вайны, варожасьці. Мы сябры для ўсіх. Дружба дружбай, але пэўныя пытаньні ўсё ж асобна. Ні пра якія кананічныя, літургічныя стасункі размова не ідзе. Яны нават немагчымыя з гэтай царквой».

Паводле айца Сергія Лепіна, «кантакты магчымыя толькі ў агульнаграмадзянскай пэрспэктыве». Што гэта азначае?

«Гэта азначае, што мы ня ставімся да іх як да царквы-сястры. А мы ставімся да іх як да прадстаўнікоў, мабыць, іншай канфэсіі. Гэтаксама, як да каталікоў, уніятаў ці як да якіх-небудзь раскольнікаў», — сказаў прадстаўнік БПЦ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі патрыярхат звольніў двух мітрапалітаў за ўдзел у аб’яднаўчым саборы Праваслаўнай царквы Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі патрыярх заявіў, што незалежная ўкраінская царква будзе служыць д’яблу. У Кіеве яму адказалі

Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква мае кананічныя і літургічныя стасункі «толькі з Украінскай праваслаўнай царквой, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярху і застаецца пакуль што ў рэлігійнай большасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Канстантынопалі лічаць, што Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне больш няма

Айцец Сергій Лепін мяркуе, што пазыцыя БПЦ у дачыненьні ПЦУ не адаб’ецца на дзяржаўных беларуска-ўкраінскіх стасунках.

«Украіна сьвецкая дзяржава. Як мы мелі зь ёй стасункі, так і будзем мець. І спадзяёмся, што нашы стасункі будуць добрыя і будуць толькі паляпшацца, калі там ёсьць палітычныя і эканамічныя падставы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Протаярэй Сергій Лепін пра раскол царквы, «русский мир», п’яных сьвятароў і сваю сям’ю