«Шатдаўн» у ЗША працягнулі да 2 студзеня

Дзяржаўны архіў ЗША зачынены праз «шатдаўн», Вашынгтон, 22 сьнежня 2018

Сэнат ЗША ня стаў разглядаць праект бюджэту 27 сьнежня, тым самым падоўжыўшы закрыцьцё фэдэральнага ўраду — «шатдаўн». Наступнае пасяджэньне Сенату пройдзе 2 студзеня.

22 сьнежня Белы дом у трэці раз за год абвясьціў аб частковым прыпыненьні працы фэдэральнага ўраду. Заканадаўцам не ўдалося дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, на чым настойвае Дональд Трамп. Прэзыдэнт ЗША лічыць, што Кангрэс павінен выдзеліць больш за пяць мільярдаў даляраў на пачатковы этап праекту. Агульны кошт будаўніцтва загароды можа перавысіць 20 мільярдаў даляраў. Супраць гэтага выступаюць дэмакраты.

З прычыны «шатдаўну» чвэрць дзяржаўных устаноў у ЗША прыпынілі сваю працу. Частковае закрыцьцё ўраду закранула каля 800 тысяч фэдэральных службоўцаў, больш за палову зь якіх працягнуць працаваць без аплаты.