Трамп усклаў на дэмакратаў адказнасьць за сьмерць дзяцей мігрантаў

Памінальная служба ў Гватэмале па нябожчыцы дзяўчынцы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп усклаў на сваіх апанэнтаў — дэмакратаў у Кангрэсе — адказнасьць за сьмерць дзяцей імігрантаў, затрыманых на мяжы ЗША. Як напісаў Трамп ў твітэры, дэмакраты сваёй адмовай зрабіць больш жорсткім іміграцыйную палітыку і, у прыватнасьці, вылучыць сродкі на будаўніцтва памежнай сьцяны патураюць нелегальнай іміграцыі.

«Калі б існавала сьцяна, яны нават не спрабавалі б патрапіць у ЗША», — напісаў Трамп пра імігрантаў. Ён адзначыў, што двое дзяцей, якія памерлі нядаўна, былі сур’ёзна хворыя і віны памежнай паліцыі ў іх сьмерці няма.

У сьнежні ў ЗША памерлі двое дзяцей з Гватэмалы, якія разам з бацькамі раней былі затрыманыя за незаконнае перасячэньне мяжы і ўтрымліваліся ў спэцпрыёмніку. Расьсьледаваньне прычын іх сьмерці працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША памёр затрыманы памежнай службай 8-гадовы гватэмальскі хлопчык

Розьніца ў поглядах на праблемы міграцыі і на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай пакуль не дазваляе дэмакратам і рэспубліканцам прыйсьці да згоды аб фінансаваньні фэдэральнага ўраду, з-за чаго ўжо больш за тыдзень доўжыцца так званы «шатдаўн» — частка міністэрстваў і ведамстваў пазбаўленыя фінансаваньня.

Праект бюджэту прадугледжвае вылучэньне дадатковых сродкаў на збудаваньне сьцяны, аднак дэмакраты адмаўляюцца за яго галасаваць, сьцьвярджаючы, што праблему міграцыі нельга вырашыць паліцэйскімі захадамі.