Дэмакраты прапануюць плян, які дазволіць разблякаваць урад ЗША

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША плянуюць на працягу тыдня прадставіць плян, які скончыць частковае блякаваньне ўраду, паведамляюць амэрыканскія СМІ.

Чакаецца, што прыняцьце гэтага пляну дасьць магчымасьць забясьпечыць фінансаваньне Міністэрству нацыянальнай бясьпекі да 8 лютага 2019 году, а астатнім урадавым органам — да верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп усклаў на дэмакратаў адказнасьць за сьмерць дзяцей мігрантаў

Пры гэтым дэмакраты прапануюць прадаставіць Міністэрству нацыянальнай бясьпекі 1,3 мільярда даляраў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай замест 5 мільярдаў, якія патрабаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Як мяркуюць аглядальнікі каналу CNBS, гэтая прапанова дэмакратаў, калі яе абвесьцяць афіцыйна, хутчэй за ўсё, сустрэне супраціў з боку Трампа, які паабяцаў забясьпечыць сьцяну належным фінансаваньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: 47% амэрыканцаў усклалі на Трампа адказнасьць за сытуацыю з частковым закрыцьцём ураду 

Каб пераадолець вета прэзыдэнта, патрэбныя галасы 55 рэспубліканцаў і кожнага дэмакрата ў Палаце прадстаўнікоў. Акрамя таго, спатрэбяцца галасы прынамсі 67 сэнатараў.

Між тым Трамп заклікае дэмакратаў узгадніць фінансаваньне будаўніцтва сьцяны.

Трамп заявіў у канцы лістапада, што Вашынгтон можа «зачыніць назаўжды» мяжу з Мэксыкай у выпадку ўзьнікненьня такой неабходнасьці. «Мэксыка павінна вярнуць у родныя краіны мігрантаў, сярод якіх поўна схаваных злачынцаў. Самалётам, аўтобусам, як заўгодна — але яны ня трапяць у ЗША. Мы закрыем мяжу назаўжды, калі будзе неабходна », — напісаў кіраўнік Белага дому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шатдаўн» у ЗША працягнулі да 2 студзеня

У ноч на 22 сьнежня ў ЗША паўстала сытуацыя частковага закрыцьця фэдэральнага ўраду, так званы «шатдаўн». Заканадаўцам не ўдалося дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, на чым настойвае прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп; праз гэта бюджэт апынуўся заблякаваным.