Сьлядамі Напалеона Орды. Навошта літоўскі мастак увекавечвае гістарычныя руіны Беларусі

Сядзіба Агінскага ў Залесьсі, 2016 год

У музэі-сядзібе кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі на Смаргоншчыне пачала працу выстава «Скрозь прызму руін» літоўскага мастака Раманаса Барысаваса.

Акварэльныя працы, якія ён пачаў ствараць яшчэ на пачатку 1980-х, прысьвечаныя гістарычным мясьцінам Беларусі, многія зь якіх сёньня ляжаць у руінах.

«Прыкладна траціна — гэта працы, непасрэдна зьвязаныя зь Беларусьсю, яшчэ частка прысьвечаная Ўсходняй Прусіі. Ну, і таксама тыя, што зьвязаныя зь Вільняй. Таму што Вільня — гэта значны кавалак беларускай гісторыі. І паколькі Вялікае Княства Літоўскае — нашмат шырэйшае паняцьце, чым сёньняшняя Літва, мае інтарэсы цалкам лягічныя», — кажа мастак, які зьбіраецца асабіста наведаць выставу ў Залесьсі ў канцы студзеня.

Вежа Гальшанскага замка, 2009 год

Раманас Барысавас згодны, што ў пэўным сэнсе працягвае справу вялікага мастака Напалеона Орды, які паўтара стагодзьдзя таму ў сваіх вандроўках увекавечыў дзясяткі архітэктурных помнікаў зь Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Менскай ды іншых губэрняў. Сам Раманас быў знаёмы з праўнукам Орды, які жыў у Шчэціне. У таго захоўваліся некалькі эскізаў прадзеда.

Крэўскі і Наваградзкі замкі, Валожынскі і Ружанскі палацы, Дзятлаўская і Заказельская сядзібы, Лагойскі парк і менская Саборная плошча, Асьвея, Геранёны, Горадня — іх аўтэнтычны выгляд дайшоў да нашых дзён дзякуючы ўраджэнцу вёскі Варацэвічы цяперашняга Янаўскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узьвядзеньне радавой сядзібы Напалеона Орды пераўтварылася ў даўгабуд

Пазьнейшыя беларускія творцы эстафэту Напалеона Орды ў такім жа маштабе падхапіць ня здолелі. А вось Раманас Барысавас да ранейшага захапленьня прускімі кірхамі на тэрыторыі цяперашняй Калінінградзкай вобласьці — ягоныя продкі паходзілі якраз з Усходняй Прусіі — дадаў беларускую тэматыку.

Руіны замка ў Наваградку, 2006 год

«З улікам паходжаньня маіх бацькоў я ад маленства рос чатырохмоўны: для мяне што літоўская, што расейская, што польская, што нямецкая аднолькава зразумелыя, — кажа Раманас Барысавас. — Я заўсёды атаясамліваў сябе з гэтымі культурамі, плюс беларускай як роднаснай, суседзкай. Касьцёл у Літве, кірха ў Кёнігсбэргу, царква ў Беларусі — у мяне няма пачуцьця недатычнасьці, гэта блізка і цікава. Замкі і храмы ў бясспрэчным прыярытэце — да іх лёсу я ніколі ня быў абыякавы. Яшчэ пры Саюзе мы езьдзілі ў Беларусь па тое, чаго не было ў нас. Але мяне найперш цікавілі ня крамы, а антураж маленькіх гарадкоў».

Палац Пуслоўскіх у Косаве, 1993 год

Як прыйшла цікавасьць да Беларусі

Паводле літоўскага мастака, шчыльна і асэнсавана гісторыяй Беларусі ён пачаў цікавіцца яшчэ за савецкім часам — у немалой ступені дзякуючы зьбегу палітычных абставін на хвалі перабудовы.

«Гэта быў пачатак перабудовачных гадоў. Неяк завітаў у госьці адзін наш літоўскі гісторык, прынёс кнігу, выдадзеную ў Беларусі, — згадвае мастак. — Быў у экзальтаваным, узбуджаным стане: маўляў, беларусы прыватызуюць нашую гісторыю, спалі ў каміне. Я патлумачыў, што дзеля гэтага ёсьць дровы, паклаў выданьне на паліцу, а празь некаторы час пачаў вывучаць. І зацікавіўся, бо сутыкнуўся з тым, што гісторыя гэтага краю не заўсёды ідзе туды, куды яе скіроўваюць літоўскія дасьледчыкі».

Мірскі замак да рэстаўрацыі ў 1982 годзе

Літоўскі мастак востра перажывае, што ў Беларусі застаецца ўсё меней сьведчаньняў нацыянальнай гісторыі. Таму перакананы: варта пасьпяшацца занатоўваць тое, што яшчэ ацалела. З гэтай жа прычыны ён часьцяком выбіраецца і ва Ўкраіну, дзе пытаньне захаваньня спадчыны гэтаксама актуальнае.

Руіны замка «Белы Ковель» у Смальянах, 2009 год

«Я скурай адчуваю, дзе і што павінна стаяць, — працягвае ён. — Скажам, у Нямеччыне гістарычная забудова надзвычай шчыльная, у Польшчы радзейшая, у Літве гэта адчуваецца яшчэ больш, а ў Беларусі яна наогул кропкавая. Можна прыехаць у беларускае мястэчка, дзе стаіць храм ХV стагодзьдзя, а вакол нічога гістарычнага не засталося, як быццам выпарылася! Тую ж Ліду ўзяць, дзе летась была мая выстава. Адзін зь мясцовых чыноўнікаў расказваў: ад даваеннага часу захаваўся замак і яшчэ 8 дамкоў. Астатняе зьнішчана — ці акупантамі, ці сваімі ж».

Таму яго асабліва цешыць, што летась на ўласныя вочы пабачыў, як ідзе хай ня шпаркае, але аднаўленьне муроў Крэўскага і Гальшанскага замкаў, а раней прывялі да ладу залескую сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага.

Сядзіба Завішаў у Кухцічах, 2006 год

Павязаны з Калінінградам

Нейкі час таму Раманас Барысавас разам з жонкай Тацянай пакінулі Вільню і пераехалі на ўзьбярэжжа курортнай Неры́нгі, што на Куронскай касе (Kuršių nerija). Спачатку ён выкладаў акварэль у Клайпедзкай філіі Віленскай акадэміі мастацтваў, цяпер працуе ў Балтыйскім унівэрсытэце імя Імануіла Канта ў Калінінградзе, кіруе дыплёмнымі праектамі ў графічным дызайне.

Раманас Барысавас — аўтар скульптурнай кампазыцыі «Сымбалі Кёнігсбэргу 1930 г.» перад фасадам Катэдральнага сабору. Гэта бронзавыя копіі шасьці архітэктурных славутасьцяў даваеннага гораду, зробленыя паводле архіўных праектаў. Адкрыцьцё адбылося ў сымбалічную дату — 3 кастрычніка 2012 году, акурат на дзень узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны.

Скульптура Раманаса Барысаваса «Сымбалі Кёнігсбэргу 1930 г.» Фота Belikart, ©Shutterstock

«Я нарадзіўся і вырас у цэнтры Вільні, гэта маё ўсё, — кажа мастак. — Але цяпер жыву на ўзмор’і, так проста зручней: Вільня стала занадта вялікай і мітусьлівай. А паколькі значная частка маіх інтарэсаў зьвязаная з Усходняй Прусіяй (я выкладаю ў Калінінградзкім унівэрсытэце), то Нерынга — як мост ва ўсе бакі. Наогул сёньня мая мастацкая дзейнасьць шчыльна пераплятаецца з культуртрэгерствам. Мне заўсёды хацелася, каб вакол было прыгожа. І гэта галоўнае, што дае стымул маёй працы. Бо маса аб’ектаў, якія я малюю, паціху зьнікаюць, сыходзяць у нябыт».

Сядзіба Чэчатаў у Ішкальдзі, 2016 год

Мастак кажа, што асаблівае трымценьне ў яго выклікаюць аркі старых пабудоваў — гэта як партал для пераходу ў іншы сьвет. Дастаткова зрабіць крок, каб апынуцца ў абсалютна іншым вымярэньні. Таму шмат якія зь ягоных натурных накідаў абмяжоўваюцца адным гэтым элемэнтам.

Сынкавіцкая царква, 2006 год

Што замінае творчасьці

Раманас Барысавас кажа, што ў сваёй дзейнасьці хацеў бы больш увагі аддаваць беларускай тэме, але разгарнуцца не дае брак сродкаў.

«Усё заўсёды ўпіраецца ў фінансавы бок, — наракае ён. — Я не магу цікавіцца выключна архітэктурай ВКЛ, бо даводзіцца існаваць у рэальным асяродзьдзі. Таму даводзіцца і замовы рабіць, я дзесяцігодзьдзямі супрацоўнічаю з кампаніямі Нямеччыны, Францыі, Галяндыі. Мог бы займацца Беларусьсю і шчыльней, але дзеля гэтага патрэбныя сродкі. Напрыклад, у Калінінградзе мяне бясплатна выдаюць. У Літве таксама ёсьць такія энтузіясты. А калі свае выданьні мусіш яшчэ і аплочваць, дык давядзецца сядзець з працягнутай рукой на цьвінтары».

Адбудаваная сядзіба ў Залесьсі

Пляны на «пасьля сямідзесяці»

Сёлета Раманас Барысавас адзначыць 70-гадовы юбілей. Мастак поўны плянаў, і ня толькі творчых. Яшчэ студэнтам захапіўся марскімі падарожжамі і вось ужо паўстагодзьдзя ходзіць пад ветразем — Атлянтыка, Індыйскі акіян, Міжземнае мора, Балтыка. Там робяцца эскізы, якія па вяртаньні на базу становяцца карцінамі. А нядаўна ягоны сын, які жыве ў Англіі, таксама набыў яхту, і цяпер бацька яшчэ і за тэхнічнага кансультанта.

«Увесь час здаецца што гэта наступіць некалі, а ён зноў на парозе, чарговы юбілей, — сьмяецца суразмоўца. — У тым ліку і парусным спортам даводзіцца займацца, зыходзячы з канкрэтнага ўзросту. Раней гэтаму аддаваў вельмі шмат часу, на пэўным прамежку было ўвогуле асноўным заняткам, а пасьля стала збольшага хобі. Цяпер нават больш даводзіцца лятаць да сына ў Лёндан: яму на яхце патрэбныя кваліфікаваныя памочнікі, бо гэта ўсё ж ня Балтыка, там абсалютна іншая акваторыя».

Старая Вільня

Раманас Барысавас нарадзіўся 11 траўня 1949 году ў Вільні. Скончыў Віленскі мастацкі інстытут па спэцыяльнасьці «Дызайн», займаўся інтэр’ерам, праектаваў мэблю, ілюстраваў кнігі. У канцы 1980-х стаў вольным мастаком і засяродзіўся на акварэльных працах.

Асноўнай тэмай у творчасьці стала зьнікаючая архітэктура Вялікага Княства Літоўскага, Малой Літвы і Ўсходняй Прусіі. Напісаў блізу 1000 карцін, удзельнік амаль сотні выставаў у Літве, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША. Ня так даўно да гэтага пераліку дадалася і Беларусь.

Княская вежа Крэўскага замка

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каляды-1918. Беларускі побыт праз аб’ектыў фатакамэры кайзэраўскага салдата

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія рэліквіі знайшлі ў сьцяне мядзельскага касьцёла. ПЕРШЫЯ ФОТА