У Расею зь Беларусі не прапусьцілі больш за 19 тон смажанага кітайскага вугра

У Смаленскай вобласьці ў пункце «Чырвоная Горка» вэтэрынарныя інспэктары 4 студзеня забаранілі ўвоз у Расейскую Фэдэрацыю зь Беларусі 19,2 тоны філе смажанага, замарожанага вугра, паходжаньнем зь Кітаю.

Як паведамляе ўпраўленьне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях, груз рухаўся ў Маскву. Аднак падчас кантролю вэтэрынарныя інспэктары ведамства выявілі, што інфармацыя аб прадстаўленай дэклярацыі аб адпаведнасьці на гэты від прадукцыі адсутнічае ў рэестры, разьмешчаным на сайце Расакрэдытацыі. Гэтая акалічнасьць не дазволіла пацьвердзіць дакладнасьць усіх названых у ёй дадзеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея цьвердзіць, што зноў спыніла на мяжы кантрабанду беларускіх прадуктаў

«Такім чынам, паколькі абарот харчовай прадукцыі на тэрыторыі Мытнага саюзу ў адсутнасьць дзейнай дэклярацыі аб адпаведнасьці забаронены, груз быў вернуты беларускаму адпраўніку — ТДА «Малснабсэрвіс», — гаворыцца ў паведамленьні ўпраўленьня Рассельгаснагляду, паведамляе БелаПАН.