За графіці супраць міліцэйскага гвалту затрымалі анархістаў. Двум пагражае крымінальная справа

Анархіст Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

У Менску затрыманыя анархісты Зьміцер Паліенка і Яўген Чуліцкі. Пра гэта стала вядома 21 студзеня ад маці Яўгена Чуліцкага, паведаміў Свабодзе актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Паводле інфармацыі Касінерава, хлопцаў затрымалі за нанясеньне графіці «Міліцыянты забіваюць людзей», якое зьявілася 20 студзеня на адным з будынкаў у раёне Партызанскага праспэкту Менску.

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць імёны толькі двух затрыманых: Зьміцер Паліенка і Яўген Чуліцкі. Але сьцьвярджаецца, што затрыманых болей. Ананімны Telegram-канал «Волна project» сьцьвярджае, што іншы анархіст Іван Комар уцёк ад міліцыянтаў, якія яго чакалі ля пад’езду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога палітвязьня аштрафавалі на 980 рублёў, бо не хадзіў на лекцыі

«Людзі, якія зрабілі гэта графіці, былі ў чорных масках, але міліцыянты неяк ідэнтыфікавалі, што гэта нібыта былі Паліенка і Чуліцкі. Цяпер ім пагражае крымінальная справа за псаваньне маёмасьці, у сераду адбудуцца сьледчыя дзеяньні», — паведаміў Вячаслаў Касінераў.

Як паведаміла Марына Касінерава, у межах крымінальнай справе паводле арт. 314 КК Беларусі ў ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца Дзьмітрый Паліенка, Яўген Чуліцкі, Наста Гусева. Паводле «Вясны», каля 10-й раніцы на кватэры Чуліцкага прайшоў ператрус, сканфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

***

Анархіст Зьміцер Паліенка раней быў нацболам, браў удзел у акцыях дэмакратычнага руху, адбыў 1,5 года ў калёніі за парушэньне умоваў адбыцьця хатняй «хіміі», вызваліўся ў канцы 2018 году.