Адзінства нацыі Эўравізія фармуе лепш, чым сьвяткаваньні юбілеяў або вайна, — украінскі гісторык

Прафэсар Украінскага каталіцкага ўнівэрсытэта Яраслаў Грыцак распавядае пра тое, як за 100 гадоў пасьля абвяшчэньня Акту ўзьяднаньня Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікі зьмянілася ўкраінская ідэнтычнасьць, што трэба, каб вярнуць Данбас, і як паўплывае Томас на інтэграцыю ўкраінскіх тэрыторый.

Яраслаў Грыцак

— Ці ўдалося за 100 гадоў з Дня абвяшчэньня Акту ўзьяднаньня сфармаваць адзіную ўкраінскую ідэнтычнасьць?

— Перш за ўсё хачу сказаць, што ідэнтычнасьць ніколі не сфармаваная да канца — яна ўвесь час знаходзіцца ў працэсе крышталізацыі. У 1918 годзе складана было гаварыць пра супольную ўкраінскую ідэнтычнасьць, аднак Акт узьяднаньня стаў пачаткам яе фарміраваньня. Аб’яднаньне адбылося хутчэй не паміж Усходняй і Заходняй Украінай, а паміж Львовам і Кіевам.

Яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя Грушэўскі (кіраўнік Цэнтральнай Рады УНР — РС) папярэджваў аб небясьпецы, калі ЗУНР і УНР працягнуць існаваць, не абвясьціўшы Акт узьяднаньня, то Ўкраіна можа паўтарыць Сэрбскахарвацкі варыянт з існаваньнем двух розных народаў, дзе Заходняя Ўкраіна стане ўмоўнай Харватыяй, а Наддняпроўскую Ўкраіну — Сэрбіяй.

Харваты і сэрбы вельмі падобныя паміж сабой культурна і этнічна. Ўсходнія і заходнія ўкраінцы ў XX стагодзьдзі таксама хоць і былі вельмі падобнымі, аднак доўгі час жылі падзеленыя ў розных імпэрыях і фармавалі свае культурныя напластаваньні, у адпаведнасьці з Расейскай і Аўстра-Вугорскай імпэрыямі. Як і паміж сэрбамі і харватамі, існавала розьніца ў веравызнаньні — так усходнія ўкраінцы — праваслаўныя, а заходнія — грэка-каталікі.

"Жывы ланцуг" на вуліцах Львова 21 студзеня 1990.

Больш за тое, усходнія і заходнія ўкраінцы былі закладнікамі сытуацыі Першай сусьветнай вайны і ваявалі паміж сабой супраць сваёй волі. Аднак у рэвалюцыйныя часы яны ўсьвядомілі неабходнасьць адзінства — палітычнага і ідэйнага, для таго, каб захаваць сваё існаваньне як палітычны і культурны народ. Паміж сэрбамі і харватамі не адбылося такой падзеі, як Акт узьяднаньня, таму ім не ўдалося прымірыцца і абʼяднацца.

Усьведамленьне адзінай ідэнтычнасьці стала вынікам злучэньня. Паміж Кіевам і Львовам больш няма рознагалосьсяў, паколькі Кіеў пакуль выглядае практычна як горад-блізьнюк Львова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адзначаюць 100-годзьдзе саборнасьці і вылучаюць кандыдатаў на прэзыдэнты


Аднак цалкам праблему вырашыць не атрымалася — яна перафармавалася ў іншую. Цяпер пытаньне, наколькі лінія збліжэньня можа пасунуцца далей на ўсход. За апошнія 10-15 гадоў яна дасягнула горада Дняпра. Цяпер пытаньне, ці зможа яна дасягнуць Харкава і Адэсы і ў пэрспэктыве дайсьці да Данбаса.

Сафійская плошча ў Кіеве пасьля завяршэньня «жывога ланцуга»

Хоць і ня цалкам пасьпяхова, аднак украінская інтэграцыя адбываецца. Яна мае трошкі іншыя рысы з тымі працэсамі, якія праходзілі 100 гадоў таму, паколькі тады нам удалося стварыць адзіную дзяржаву, а цяпер ёй ужо амаль 30 гадоў, і існаваньне краіны мы ўспрымаем як належнае. Адзінства лепш фармуюць ня столькі сьвяткаваньні Ўзьяднаньня або вайна, як культурныя і спартыўныя перамогі: футбольныя зьдзяйсьненьні і трыюмфы на Эўравізіі.

Аднак вайна з Расеяй з 2014 года вельмі моцна паскорыла працэс украінскай інтэграцыі. Гэта была памылка Пуціна, таму што ён злучыў Украіну замест таго, каб яе разьяднаць.

— Што неабходна зрабіць, каб лінія ўкраінскай інтэграцыі дасягнула Данбаса?

— Для таго, каб працягнуць лінію ўкраінскага адзінства на Данбасе, патрэбная перш за ўсё ваенная перамога і заканчэньне вайны. Аднак ужо цяпер у жыхароў акупаваных тэрыторый адбываюцца пэўныя зьмены сьвядомасьці. Нядаўна я размаўляў з адным з неўкраінскіх журналістаў, які пражыў там два гады, каб напісаць кнігу. Ён распавядаў пра тое, што ў насельніцтва ёсьць агульнае адчуваньне, што Расея іх выкарыстала і кінула і ніякага абʼяднаньня ня будзе. Большасьці насельніцтва гэтая сытуацыя надакучыла і яны прагнуць вярнуцца да нармальнага стану, які быў да вайны.

Кіеў

Яны гатовыя вярнуцца ва Ўкраіну пры іншай уладзе, паколькі цяперашнюю яны называюць «фашысцкай хунтай». Аднак, паводле сьведчаньняў аналітыкаў, вялікай праблемы рэінтэграцыі гэтых зямель ва Ўкраіну ня будзе.

Сьвядомасьць насельніцтва мясцовых тэрыторый пабудавана такім чынам, што яны гатовыя прыняць уладу, калі яна будзе моцнай. Калі гэта будзе моцная ўкраінская ўлада, то яе прымуць таксама. Для Ўкраіны вяртаньне Данбаса перш за ўсё тычыцца сродкаў: сацыяльных, эканамічных і палітычных, якія давядзецца плаціць за вяртаньне гэтых зямель назад.