Вызвалілі анархістаў, затрыманых за графіці. Але справа працягваецца

Дзьмітры Паліенка, адзін з анархістаў, на якіх завялі крымінальную справу за графіці

Вызваленьне з-пад варты затрыманых за графіці актывістаў анархісцкага руху пацьвердзіў Свабодзе былы палітвязень Вячаслаў Касінераў.

«Усіх трох учора пасьля 8-9 вечара вызвалілі, іх сустракалі сябры. Пры вызваленьні Зьміцер Паліенка казаў сябрам, што затрымлівалі жорстка, а іншых скаргаў не было.

Рэчаў хлопцам адразу не аддалі, пойдуць па іх сёньня. Зьміцер пацьвердзіў, што не супрацоўнічаў са сьледзтвам і не прызнае віны, а пра пазыцыю астатніх напэўна даведаемся ўвечары», — сказаў Свабодзе Вячаслаў Касінераў.

Тэлефон Зьмітра Паліенкі пакуль не адказвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт пацьвердзіў завядзеньне крымінальнай справы супраць анархістаў за графіці

23 студзеня ў Сьледчым камітэце пацьвердзілі, што на трох актывістаў анархісцкага руху, затрыманых за графіці, завялі крымінальную справу паводле артыкулу 341 КК.

«У якасьцi падазраваных цяпер прыцягнутыя тры асобы. Прызначана лiнгвiстычная экспэртыза, праведзены шэраг аглядаў, забраныя рэчавыя доказы», — сказала Свабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова. У якасьці пакараньня паводле артыкулу 341 КК прадугледжаныя грамадзкія работы, штраф або арышт.

Актывістаў анархісцкага руху Дзьмітрыя Паліенку, Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву затрымалі 21 студзеня ў Менску. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасьці ягонай маці прайшоў ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі сьледчых органаў. Канфіскавалі ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

Анархістаў абвінавачваюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на вуліцы Ахоцкай у Менску ў канцы сьнежня 2018 году.