На расейскім караблі канфіскавалі амаль 10 тонаў какаіну

Какаін, знойдзены ў будынку расейскай амбасады ў Буэнас-Айрэсе, Аргентына, 14 сьнежня 2016

Паліцыя ў Каба-Вэрдэ канфіскавала 9,5 тонаў какаіну і арыштавала 11 чалавек на расейскім караблі. Карабель стаяў ў порце Прая — сталіцы гэтай краіны, якая месьціцца на выспах у Атлянтычным акіяне каля заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваныя па справе пра 389 кг какаіну расейцы вінавацяць першага сакратара амбасады ў Аргентыне

Як паведамляе агенцтва Reuters, усе арыштаваныя — расейскія грамадзяне. Інфармацыю ў паліцыю паведамілі прадстаўнікі цэнтру, які каардынуе антынаркатычныя апэрацыі сямі краінаў Эўразьвязу.

Расейскі карабель ішоў у Марока з Паўднёвай Амэрыкі. Паводле паліцыі, карабель спыніўся ў порце пасьля сьмерці аднаго з чальцоў экіпажу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёт з «какаінавай справы» вывез расейскіх дыпляматаў зь Лёндану

У канцы лютага 2018 году аргентынскія ўлады паведамілі, што ў школе пры пасольстве Расеі ў Аргентыне знайшлі 12 валізак з амаль 400 кіляграмамі какаіну. Яны былі зарэгістраваныя як дыпляматычны багаж. Каб вызначыць, хто мае дачыненьне да наркатрафіку, какаін замянілі на муку і адправілі ў Маскву.

Мэдыі паведамлялі, што для перавозу выкарыстоўвалі самалёт спэцыяльнага лётнага атраду «Россия», на якім лётае сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў. У ведамстве гэтую інфармацыю назвалі «фэйкам». Але паліцыя Аргентыны пацьвердзіла сапраўднасьць здымкаў самалёта.

У так званай «какаінавай справе» былі арыштаваныя шэсьць чалавек — тры меркаваныя супольнікі кантрабандыстаў у Расеі, кіраўнікі фонду «Рускія праваслаўныя мэцэнаты ў Лацінскай Амэрыцы» Іван Блізьнюк і Аляксандр Чыкала ў Аргентыне. Меркаваны арганізатар паставак какаіну Андрэй Кавальчук быў затрыманы ў Нямеччыне, але ў канцы ліпеня 2018 году яго выдалі Расеі.