NATO абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні ў справы Балканаў

Генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг таксама заявіў, што Расея ўсё яшчэ можа вярнуцца да выкананьня Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), паведамляе «Голас Амэрыкі».

У эксклюзіўным інтэрвію Euronews у Брусэлі лідэр NATO абвінаваціў Расею ў спробах паўплываць на працэс прыёму балканскіх краін у вайсковы альянс.

Інтэрвію адбылося ў той жа дзень, калі Рэспубліка Паўночная Македонія пад сваёй новай назвай падпісала пратакол, які адкрывае ёй дарогу да ўступленьня ў NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая славянская краіна падпісала пратакол аб уступленьні ў NATO

Столтэнбэрг заявіў, што Расея «спрабуе ўмяшацца ў палітычныя працэсы ў сувэрэнных краінах» і ён лічыць гэта няправільным.

«NATO паважае рашэньні незалежных сувэрэнных дзяржаваў, незалежна ад таго, жадаюць яны ўвайсьці ў NATO ці не, — дадаў ён. — У Скоп’і мы бачылі, што большасьць у парлямэнце, большасьць палітычных партый хацелі ўваходжаньня ў NATO, і мы гэта вітаем. Але ў Сэрбіі, напрыклад, яны выразна заявілі, што не жадаюць уваходзіць у NATO, і мы паважаем гэта».

«Расея павінна паважаць рашэньні сувэрэнных дзяржаваў, калі яны хочуць увайсьці ў NATO, нават калі ёй гэта не падабаецца», — рэзюмаваў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША абвясьціў пра выхад з ракетнай дамовы з Расеяй

Столтэнбэрг таксама закрануў тэму выхаду Вашынгтона і Масквы з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), якая была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым і прадугледжвала зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет з дальнасьцю палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў. Вашынгтон абвінавачвае Расею ў парушэньні дамовы.

«Мы ня хочам новай гонкі ўзбраеньняў, і мы паспрабуем пераканаць Расею вярнуцца да выкананьня дамовы, — сказаў Столтэнбэрг. — Завяршэньню працэсу выхаду папярэднічае шасьцімесячны пэрыяд, на працягу якога Расея можа вярнуцца да выкананьня дамовы. Яна ўсё яшчэ можа вярнуцца».

Генсакратар альянсу заявіў, што рэакцыя NATO будзе ўзважанай, «абарончай паводле яе характару», і будуць вывучаныя «ня толькі ваенныя наступствы, але і магчымыя новыя ініцыятывы ў кантролі над узбраеньнямі». Ён падкрэсьліў, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб у сьвеце без дамовы РСМД і з новымі расейскімі ракетамі NATO быў здольны забясьпечваць стрымліваньне ад агрэсіі і абарону ад яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Пуцін пагадзіўся на стварэньне новай гіпэргукавай ракеты