Колькі ў беларусаў аўтамабіляў. Інфаграфіка

Ілюстрацыйнае фота. На менскім аўтарынку «Малінаўка», жнівень 2016 году

Колькасьць легкавых аўтамабіляў у беларусаў перавысіла тры мільёны. Найбольш насычаная машынамі Горадзенская вобласьць. Менск — на 4 месцы.

У прыватнай уласнасьці жыхароў Беларусі на канец 2018 году было зарэгістравана 3 мільёны 159 тысяч легкавых аўтамабіляў. Гэтую лічбу назваў старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч. Паводле яго, летась беларусы куплялі і новыя машыны, і машыны з прабегам.

«Па колькасьці легкавых аўтамабіляў на 1 тысячу насельніцтва Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў СНД, абыходзячы ў тым ліку Расею», — заявіў Сяргей Міхневіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мыта на замежныя аўтамабілі: што ў Эўразійскім саюзе можна Кіргізстану, але нельга Беларусі

Як расла колькасьць легкавушак

Пачынаючы ад 2005 году колькасьць прыватных легкавых аўтамабіляў у Беларусі павялічвалася штогод. Выключэньне склаў толькі 2012 год, калі курс беларускага рубля адносна даляра абваліўся.

Найбольш насычаная аўтамабілямі — Гарадзеншчына, Менск — толькі чацьвёрты

Сяргей Міхневіч агучыў інфармацыю і пра колькасьць легкавых аўтамабіляў у рэгіёнах Беларусі на адну тысячу чалавек. Тройку лідэраў складаюць Гарадзенская, Менская, Берасьцейская вобласьці. Сталіца краіны толькі чацьвёртая.

Нацыянальны статыстычны камітэт пакуль ня выставіў на сваім афіцыйным сайце дадзеныя па рэгіёнах па стане на 2019 год. А вось год таму рэгіянальная канфігурацыя выглядала так:

  • Гарадзенская вобласьць — 355 аўтамабіляў на 1 тысячу чалавек,
  • Менская — 332,
  • Берасьцейская — 325,
  • Менск — 320,
  • Віцебская — 304,
  • Магілёўская — 286,
  • Гомельская — 271.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычын, чаму варта адмовіцца ад аўтамабіля