«Новы час» просіць чытачоў дапамагчы cплаціць судовыя выдаткі бізнэсоўцу Зайдэсу 

Распаўсюд газэты «Новы час»

Рэдакцыя газэты «Новы час» зьвярнулася па дапамогу да чытачоў — выданьне мусіць аплаціць істотныя сродкі паводле пазову Леаніда Зайдэса, аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» побач зь месцам расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты.

Згодна з рашэньнем суду Савецкага раёну Менска, «Новы час» павінен сплаціць судовыя выдаткі бізнэсоўцы з памеры 1500 рублёў, маральную шкоду — 700 рублёў, дзяржаўнае мыта — 147 рублёў. Агулам — 2347 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд часткова задаволіў пазоў сузаснавальніка «Поедем поедим» да «Новага часу»

Як адзначаецца ў лісьце на рэдакцыйным сайце, сёньня газэта не валодае такой магчымасьцю, таму звяртаецца па дапамогу да чытачоў. Прымаецца любая падтрымка: дабраахвотнае ахвяраваньне (з пазнакай на сплату пазову), падпіска на газэту ці проста распаўсюд інфармацыі.

«Са свайго боку гарантуем, што мы і далей будзем радаваць вас нашымі артыкуламі, а таксама публікаваць новыя расьсьледаваньні Дзяніса Івашына ды іншых журналістаў выданьня», — гаворыцца ў нататцы.

Дзяніс Івашын (справа) у калідоры суду

Леанід Зайдэс патрабаваў абвяржэньня інфармацыі пра яго ў газэце «Новы час» аўтара Дзяніса Івашына і спагнаньня 8 тысяч рублёў як кампэнсацыю за нанесеныя страты. Суд задаволіў пазоў часткова.

Рахункі для пералічэньня сродкаў ТУТ.