Дональд Трамп прыляцеў у Ханой для сустрэчы з Кім Чэн Ынам. Чаго чакаюць ад саміту

Ханой сустракае ўдзельнікаў саміту

У аэрапорце прэздыдэнта ЗША Трампа сустрэлі афіцыйныя асобы. Пасьля гэтага картэж накіраваўся ў гатэль. Дзе менавіта разьмесьціцца Трамп, афіцыйна не паведамлялася. У сталіцы Віетнаму ўзмоцненыя захады бясьпекі.

Лідэр КНДР Кім Чэн Ын прыбыў у Віетнам раней сёньня. Яго браніраваны цягнік даехаў да станцыі ў горадзе Донгданг, пасьля перасячэньня мяжы з Кітаем. Да Ханою паўночнакарэйскі лідэр накіраваўся на аўтамабілі.

Другая сустрэча лідэраў ЗША і Паўночнай Карэі пройдзе 27 і 28 лютага. Абмяркоўвацца будзе ядзернае раззбраеньне КНДР, як і на першым саміце. Ён адбыўся 12 чэрвеня 2018 году ў Сынгапуры. Тады бакі падпісалі дакумэнт, згодна зь якім Пхэньян абавязаны праводзіць ядзернае раззбраеньне ў адказ на гарантыі бясьпекі з боку ЗША. Аднак пазьней СМІ паведамлялі, што КНДР працягвае ядзерныя распрацоўкі.

Дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан два месяцы таму сказаў, што другая сустрэча неабходная, паколькі Паўночная Карэя пакуль ня выканала абяцаньні, дадзеныя падчас леташняга саміту, пасьля якога Трамп абвясьціў, што «ядзернай пагрозы з боку Паўночнай Карэі больш няма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ЗША заявілі пра 20 утоеных Пхэньянам ракетных базаў

Аднак пакуль мала канкрэтных сьведчаньняў прагрэсу ў пляне ўзгадненьня канкрэтных умоваў абяцанай дэнуклеарызацыі.

Адсутнасьць прарыву па выніках другога саміту можа пацягнуць за сабой нэгатыўныя палітычныя наступствы для Трампа, мяркуюць аналітыкі.

«Калі прэзыдэнт пойдзе на істотныя саступкі, я думаю, ён сутыкнецца з сурʼёзнай крытыкай з боку абедзьвюх партыяў», — адзначае віцэ-прэзыдэнт інстытуту дасьледаваньня праблем нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі фонду Heritage Foundation Джэймс Джэй Карафана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя паведаміла аб выпрабаваньні новай зброі

Калі Трампу ўдасца і надалей падтрымліваць узаемадзеяньне з паўночнакарэйскім лідэрам і дыпляматычныя намаганьні будуць працягвацца пры захаваньні санкцыяў, а Пхэньян не адновіць ядзерныя і ракетныя выпрабаваньні, Трамп можа прыпісаць сабе зьнешнепалітычную перамогу напярэдадні наступных выбараў, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Гудзонскага інстытуту Рэбэка Хайнрыкс.

Пры ўмове, што цяперашні расклад захаваецца прынамсі яшчэ на год, прэзыдэнт «можа казаць сваім прыхільнікам, каб яны трымаліся за яго, даўшы яму завяршыць пачатае за наступныя чатыры гады», мяркуе яна.

Перад вылетам з Вашынгтону прэзыдэнт ЗША напісаў у твітэры, што пасьля ядзернага раззбраеньня Паўночная Карэя хутка стане генэратарам эканамічнага росту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамоўны тупік: Паўночная Карэя не адмовіцца ад ядзернай зброі, пакуль саступак ня зробяць ЗША

Адным зь нявырашаных пытаньняў застаецца ўзаемна ўзгодненае вызначэньне дэнуклеарызацыі.

У адміністрацыі Трампа настойваюць на неабходнасьці «поўнага, празрыстага і незваротнага» зьнішчэньня паўночнакарэйскага ядзернага арсэналу, у тым ліку сыстэм дастаўкі.

Для Пхэньяну а дэнуклеарызацыя мае на ўвазе і выдаленьне з рэгіёну ўсіх стратэгічных актываў ЗША, а таксама вывад амэрыканскіх войскаў з Паўднёвай Карэі і, магчыма, Японіі, дзе ў Вашынгтону ёсьць кантынгент у 75 000 вайскоўцаў і каля 50 вайсковых абʼектаў, ня лічачы вайскова-паветраныя і вайскова-марские сілы хуткага рэагаваньня на Гуаме, якія КНДР таксама лічыць пагрозай для сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп не настойвае на тэрміновым ядзерным раззбраеньні КНДР

Аналітыкі выказваюць асьцярогі, што Трамп можа прапанаваць вывесьці амэрыканскія войскі з Далёкага Ўсходу ў абмен на саступкі з боку Кім Чэн Ына па ядзернай зброі і міжкантынэнтальных балістычных ракетах. Такі крок ня толькі ўстрывожыць саюзьнікаў, але і можа пацягнуць за сабой рэзкую крытыку ўнутры краіны — як зь левага, так і з правага крыла.

Паводле высокапастаўленага прадстаўніка ўладаў ЗША, амэрыканская каманда спрабуе выпрацаваць паразуменьне з паўночнакарэйскім бокам у пытаньні аб тым, як менавіта трактаваць дэнуклеарызацыю, пры тым, што пакуль незразумела, ці прыняў наогул Кім Чэн Ын рашэньне аб поўнай дэнуклеарызацыі.