«Беларусьфільм» пераклаў на беларускую мову «Зялёную кнігу», якая набрала «Оскараў»

Актор Магершала Алі з «Оскарам» за ролю ў «Зялёнай кнізе»

Фільм «Зялёная кніга», які атрымаў у гэтым годзе прэмію «Оскар» як «найлепшы фільм», а таксама за найлепшы арыгінальны сцэнар і найлепшую мужчынскую ролю другога пляну, агучыла па-беларуску дзяржаўная студыя «Беларусьфільм».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму і за што далі «Оскараў». Сьцісла і зь ВІДЭА

Стужка пераказвае рэальную гісторыю чарнаскурага піяніста Дона Шырлі (выканаўца ягонай ролі Магершала Алі ўзяў «Оскара» за найлепшую ролю другога пляну), які паехаў гастраляваць па расісцкім поўдні ЗША ў 1962 годзе. Музыка наняў бамбізу ў якасьці кіроўцы і ахоўніка, а атрымаў у ягонай асобе сапраўднага сябра.

Фільм агучылі беларускія акторы Ігар Сідорчык, Алег Вінярскі і Людміла Асмалоўская. Ідэя перакладу належыць не самому «Беларусьфільму», а праваўладальнікам. Сам факт кінапаказаў па-беларуску ўжо не такі незвычайны, але да таго пераклады рабіла незалежная студыя «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, а не дзяржаўная кінастудыя.

Tut.by разьмясьціў для спампоўкі троххвілінны фрагмэнт стужкі па-беларуску.

У інтэрнэце зьявіліся квіткі на чатыры кінасэансы ў менскім кінатэатры «Беларусь»: увечары 8 і 9 сакавіка, зранку і ўвечары 10 сакавіка. Таксама прадаюцца квіткі на вечаровыя сэансы 8–13 сакавіка ў Silverscreen, што ў гандлёвым цэнтры «Галілеа».

Паводле сайту Relax.by, фільм будзе ў пракаце «каля месяца». Ці будзе ён ісьці ў іншых гарадах Беларусі, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умяшаньне ў творчую задуму»: новы міністар культуры засумняваўся, ці варта перакладаць кіно на беларускую