«Магло не хапіць ратавальных камізэлек». У Магілёве судзяць трэнэрку за сьмерць непаўналетняга весьляра

Месца, дзе трэніруюцца юныя весьляры ў Магілёве

У Магілёве судзяць 25-гадовую трэнэрку па акадэмічным веславаньні Ірыну К. за сьмерць празь неасьцярожнасьць ейнага непаўналетняга гадаванца Вячаслава З. Падчас трэніроўкі човен 14-гадовага хлопца перакуліўся. На юным весьляру не было ратавальнай камізэлькі, і ён патануў.

Трэнэрку абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці. Паводле сьледзтва, абвінавачаная не пракантралявала, ці выканаў яе гадаванец патрабаваньні тэхнікі бясьпекі на вадзе. Ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Сваю віну жанчына прызнала ў поўным аб’ёме.

Абвінавачаная працуе ў Магілёўскім абласным цэнтры алімпійскага рэзэрву па вясьлярных відах спорту. Ім кіруе алімпійскі чэмпіён 1992 году Аляксандар Масяйкоў. Суд зьбіраецца дапытаць яго як сьведку.

Разглядае справу суд Кастрычніцкага раёну. Старшынюе на ім Натальля Крашкіна. 11 сакавіка суд заслухаў абвінавачаньне трэнэрцы і дапытаў яе.

Што адбылося?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве патануў 14-гадовы вясьляр. «Некаторыя самавольна здымаюць ратавальныя камізэлькі»

Здарэньне адбылося непадалёк ад трэніровачнай базы весьляроў 26 чэрвеня 2018 году. Вячаслаў спазьніўся на трэніроўку і меўся даганяць асноўную групу весьляроў, якую суправаджала трэнэрка. Хлопец працяглы час заставаўся безь яе ўвагі, а калі перакуліўся, то яму не аказалі своечасовай дапамогі.

Тое, як перакуліўся човен Вячаслава, бачыў рыбак. Ён прапанаваў быў хлопцу дапамогу, але той адмовіўся. Калі ж вясьляр зьнік пад вадой, то рыбак выклікаў ратавальнікаў. Сьледзтва высьветліла, што на падлетку не было ратавальнай камізэлькі.

Вячаслаў пачаў займацца веславаньнем са студзеня 2018 году. Паводле трэнэркі, ён паказваў добрыя вынікі і яго зьбіраліся адправіць на спаборніцтвы. Хлопец быў залічаны ў спартовы летнік дзённага перабываньня, які працаваў на базе Цэнтру алімпійскага рэзэрву.

Цэнтар алімпійскага рэзэрву па вясьлярных відах спорту

Пра сьмерць Вячаслава бацькам паведамілі праз 4 гадзіны. На судзе ягоны бацька сказаў, што даведаўся пра здарэньне «ад чужых людзей», а не ад трэнэркі ці адміністрацыі Цэнтру.

Чаго ня выканала абвінавачаная

Сьледзтва лічыць, што абвінавачаная самаўхілілася ад выкананьня ўскладзеных на яе абавязкаў па забесьпячэньні бясьпекі жыцьця і здароўя спартоўца-навучэнца. Яна дапусьціла непаўналетняга да трэніровачнага працэсу на адкрытай вадзе:

  • не прыняўшы ў яго заліку па плаваньні;
  • не азнаёміўшы яго з правіламі тэхнікі бясьпекі;
  • дазволіўшы яму самастойна ўзяць спартовы інвэнтар;
  • не пракантраляваўшы, каб на ім была ратавальная камізэлька;
  • падчас трэніроўкі выпусьціла яго з-пад увагі і не зрабіла захадаў, каб вярнуць яго на бераг.

«Сваімі дзеяньнямі К. дапусьціла неналежнае выкананьне адказнай асобай сваіх службовых абавязкаў празь нядобрасумленнае і неахайнае стаўленьне да службы, што прывяло да сьмерці па неасьцярожнасьці чалавека», — гаворыцца ў абвінавачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імгненнае спыненьне сэрца». Маці шукае праўду пра сьмерць сына на ўроку фізкультуры

Пазыцыя трэнэркі

Сваю віну Ірына К. прызнае ў поўным аб’ёме. У судзе яна папрасіла прабачэньня ў бацькі хлопца і сказала, што смуткуе разам зь ягонай сям’ёй. Бацькі Вячаслава прызнаныя пацярпелымі.

На судзе абвінавачаная казала, што не зьвярнула ўвагі, ці была на Вячаславу ратавальная камізэлька. Інструктаж пра характар трэніроўкі і тэхніку бясьпекі агучвала ў маторным чоўне, які быў ужо на вадзе. Трэнэрка прызналася, што ня памятае, ці кантралявала трэніровачны працэс Вячаслава, бо была занятая асноўнай групай навучэнцаў. Як ён перакуліўся, яна ня бачыла. Калі ёй сказалі пра здарэньне, у яе быў шок, і ўсяго, што адбывалася, яна з пэўнасьцю прыгадаць ня можа.

У нарадзе-допуску, які падпісвала абвінавачаная, пазначана, што дзеці меліся здаваць залікі па плаваньні. У сваіх паказаньнях суду Ірына казала, што такой магчымасьці ў цэнтру не было і «кожны трэнэр, выпускаючы на адкрытую ваду дзяцей, рызыкаваў».

«Адміністрацыя лічыла: калі дзіця трымаецца на вадзе, значыць, умее плаваць. Так казала наша завуч», — даводзіла абвінавачаная.

Паводле яе, пасьля здарэньня зь Вячаславам юных весьляроў пачалі два разы на месяц вадзіць у басэйн.

«Я працавала, гледзячы на тое, як працуюць іншыя. Калі б у мяне было больш ведаў і досьведу, то я б не дапусьціла таго, што адбылося», — сказала суду абвінавачаная.

Хто такая абвінавачаная

Ірына К. — выпускніца Магілёўскай абласной вучэльні алімпійскага рэзэрву. Мае кваліфікацыю «спэцыяліст акадэмічнага веславаньня». Дзяцей у цэнтры па вясьлярных відах спорту трэніруе ад лютага 2015 году. Ёй 25 гадоў. Мае шасьцігадовае дзіця. Два дні была пад вартай. Цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Зь яе паказаньняў у судзе вынікала, што групу для навучаньня веславаньню набірала яна сама. Запісвала дзяцей ад 10 гадоў, якія адпавядалі пэўным патрабаваньням для заняткаў гэтым відам спорту. На момант здарэньня зь Вячаславам у яе трэніраваліся больш за 10 навучэнцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як цкуюць у школе пасьля згвалтаваньня. Споведзь праз 18 гадоў пасьля пекла

Як трэніруюцца юныя весьляры

Трэніруюць весьляроў на Дняпры ў пэўнай акваторыі, якая на мясцовасьці ніяк не пазначаная. Берагавая лінія зьвілістая. Як кажа абвінавачаная, Вячаслаў мог выпасьці з-пад яе ўвагі, бо рэчышча Дняпра тут шмат разоў заварочвае.

Трэнэр падчас заняткаў на вадзе павінен суправаджаць спартоўцаў на маторным чоўне і не дапускаць, каб хто зь іх аддаляўся на сто мэтраў ад яго. Групу весьляроў ён павінен трымаць у полі зроку. У адной групе займаюцца спартоўцы рознай падрыхтаванасьці.

Таксама трэнэр павінен кантраляваць выхад спартоўцаў да вады. Глядзець, каб на кожным была ратавальная камізэлька. Абсалютнай бясьпекі на вадзе яна не гарантуе, таму навучэнцам казалі трымацца за човен, калі той раптам перакуліцца.

Паводле абвінавачанай, камізэлек на базе 25 штук. Яна дапусьціла, што Вячаславу камізэлькі магло не хапіць. У той дзень, акрамя Ірынінай, заняткі былі яшчэ ў некалькіх групах.

На вадзе трэнэры са сваімі гадаванцамі могуць толькі перакрыквацца. Нават рупараў няма, казала абвінавачаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біў для прафіляктыкі. Суд у Слуцку расьсьледуе справу аб зьдзеках з навучэнцаў