Амэрыканцы не пабудуюць у Польшчы «Форт Трамп», супраць якога былі Лукашэнка і Пазьняк

Дональд Трамр

Урад Польшчы ня змог пераканаць Амэрыку пабудаваць сталую вайсковую базу ў краіне. Пэнтагон таксама мае намер абнізіць на 10% выдаткі на так званую «усходнюю сьцяну» NATO. Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza.

Дыпляматы, зь якімі размаўляла выданьне, кажуць, што тыдзень таму Міністэрства абароны Польшчы атрымала адказ зь Дзяржаўнага дэпартамэнту абароны ЗША, у якім амэрыканцы паведамілі, што іх прапановы Польшчы «ня цалкам адпавядаюць чаканьням Варшавы». Маюцца на ўвазе чаканьні значнага павышэньня прысутнасьці ЗША на тэрыторыі Польшчы, а таксама зьмены «ратацыйнай прысутнасьці» на пастаянную — як у Нямеччыне.

У дадзены момант у Польшчы знаходзіцца танкавая брыгада US Army (4,5 тысячы жаўнераў), а таксама батальён NATO, аснову каторага складаюць амэрыканскія вайскоўцы.

У сераду Варшаву наведаў віцэ-сакратар Дэпартамэнту абароны ЗША Джон Руд, дзе ён праводзіў перамовы наконт амэрыканскай прысутнасьці ў Польшчы. Але паводле сэрвісу Defense One, прапанова Вашынгтона не прадугледжвае будаўніцтва базы. Гаворка ідзе толькі пра доўгатэрміновае пагадненьне наконт прысутнасьці амэрыканскіх вайскоўцаў на польскай тэрыторыі. Як паведаміла крыніца Defense One, будаўніцтва базы ня бярэцца пад увагу. Намесьніца Руда Кэтрын Уілбаргэр, калі Варшава прыме амэрыканскую прапанову, то дамову можна будзе заключыць праз паўгода-год.

Прэс-сакратар Дзярдэпартамэнту ЗША паведаміў, што дэталі перамоваў ня будуць разгалошвацца да таго моманту, пакуль Польшча і ЗША не дамовяцца.

«Ня больш чым балбатня»

Аляксандар Лукашэнка

​У лістападзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі NATO будзе працягваць «запалохваць», разьмяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ нейкім чынам, то Беларусі спатрэбіцца больш эфэктыўная зброя, перш за ўсё ракетная. Ён назваў тады размовы пра расейскую вайсковую базу «ня больш чым балбатнёй».

«Гэта проста нейкі піяр непатрэбны, — казаў ён. — З практычнага пункту гледжаньня ў гэтым няма ніякай неабходнасьці.Трэба будзе, мы пра гэта скажам голасна. Але мы ня хочам ініцыяваць ніякіх крокаў, каб вы падумалі, што беларусы нейкія ненармальныя: кажуць адно, робяць іншае і рыхтуюцца да вайны».

Супраць амэрыканскай базы ў Польшчы выступаў адзін зь лідэраў «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч. На яго думку, яна можа створыць пагрозу Беларусі.

У студзені лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў у інтэрвію Радыё Рацыя, што «лепш, каб гэтае пытаньне зацягнулася».

— У нашых інтарэсах лепш, каб гэтай базы там не было. У польскіх інтарэсах яна патрэбна. Тут вельмі цяжка сказаць, як сябе паводзіць у гэтай сытуацыі. Там жа яшчэ нічога не вырашана, але канешне нам лепей, каб гэта пытаньне неяк зацягнулася. Тады магла б узьнікнуць новая сытуацыя.

Амэрыканцы прасілі не выкарыстоўваць назву «Форт Трамп»

Летась польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча гатовая падтрымаць прысутнасьць амэрыканскай танкавай дывізіі сумай у 2 млрд даляраў. У верасьні польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда назваў магчымую базу ЗША ў Польшчы «Фортам Трампа». Ён тады дадаў, што амэрыканскі бок прыхільна ставіцца да гэтай ініцыятывы. А сёлета ў судзені польскі міністар абароны абвясьціў, што працэс знаходзіцца не ў стадыі, ці база будзе ўвогуле, а ідзе абмеркаваньне канкрэтнай даты і дэталяў яе дзейнасьці.

Анджэй Дуда і Дональд Трамп

Больш за месяц пра «Форт Трамп» ня ўзгадваецца. Паводле інфармацыі Gazety Wyborczej, самі амэрыканцы прасілі, каб не выкарыстаць такой фармулёўкі, паколькі яна ўскладняе ім адносіны з хаўрусьнікамі ў Эўропе, а таксама з Расеяй.

На тэрыторыі Беларусі сёньня месьцяцца два расейскія вайсковыя аб’екты: Асобны радыётэхнічны вузел у Ганцавічах і 43-і вузел сувязі ў Вілейцы. Згодна зь беларуска-расейскім міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў карыстаньне да 2020 году.