Парэшткі гішпанскага дыктатара Франка перанясуць на звычайныя могілкі

Мэмарыяльны комплекс «Даліна Загіблых» непадалёк ад Мадрыду.

Парэшткі былога гішпанскага дыктатара Францыска Франка сёлета будуць перанесеныя з мэмарыяльнага комплексу «Даліна Загіблых» непадалёк ад Мадрыду. Пра гэта паведаміла віцэ-прэм’ер Гішпаніі Кармэн Кальва.

Віцэ-прэм’ер таксама назвала тэрмін пераносу труны былога дыктатара: гэта адбудзецца 10 чэрвеня. Цела Франка паўторна пахаваюць у магіле яго сям’і на могілках Эль-Парда пад Мадрыдам.

Генэрал Францыска Франка пасьля грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў стаў лідэрам рэжыму, заснаванага на фашысцкай ідэалёгіі. Ён кіраваў Гішпаніяй да сваёй сьмерці ў 1975 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чылі праз 45 гадоў асуджаныя забойцы музыкі Віктара Хары

Пасьля сьмерці Франка быў пахаваны ў мэмарыяльным комплексе «Даліна Загіблых». Пабудаваны пры яго жыцьці комплекс, які ўключае шырокую плошчу і катэдральны сабор, павінен быў стаць помнікам у гонар загіблых падчас гішпанскай грамадзянскай вайны.

Пахаваньне Франка ў «Даліне Загіблых» стала прычынай працяглай палітычнай спрэчкі ў Гішпаніі. Рашэньне пра перапахаваньне прыняў цяперашні ўрад сацыялістаў.