Прэзыдэнт ЗША прызнаў Галянскія вышыні тэрыторыяй Ізраілю

Дональд Трамп пасьля падпісаньня дэклярацыі ў Белым Доме 25 сакавіка

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў дэклярацыю, у якой прызнаецца сувэрэнітэт Ізраілю над Галянскімі вышынямі, паведаміла агенцтва Reuters. Гэтую тэрыторыю Ізраіль захапіў у Сырыі ў выніку араба-ізраільскай вайны 1967 году.

Прэзыдэнт ЗША падпісаў дакумэнт на пачатку сустрэчы ў Вашынгтоне з прэм'ер-міністрам Ізраілю Бэньямінам Нэтаньягу. Гэты крок можа паспрыяць пазыцыям Нэтаньягу на выбарах у Ізраілі, якія маюць адбыцца 9 красавіка.

У 1981 годзе парлямэнт Ізраілю прыняў закон аб тым, што гэтая тэрыторыя зьяўляецца ізраільскай. Але Рада бясьпекі ААН не прызнала гэтага рашэньня, а ААН неаднаразова называла анэксію Галянскіх вышынь незаконнай і заклікала Ізраіль вярнуць тэрыторыю Сырыі.