«Усіх пад нож». Тэлеканал АНТ паказаў разнос Лукашэнкі на Шклоўшчыне без купюр

Аляксандар Лукашэнка наведвае кароўнік комплексу «Сьліжы», 26 красавіка

Тэлеканал АНТ апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, дзе Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся зьняць з пасадаў «усіх вінаватых» у кепскіх умовах у кароўніку аграхолдынгу «Купалаўскае» Шклоўскага раёну.

У ліку «вінаватых» аказаўся кіраўнік вобласьці Ўладзімер Даманеўскі, якога Лукашэнка звольніў. Часовым выканаўцам ягоных абавязкаў ужо прызначаны першы намесьнік Мікалай Кароцін.

Што сказаў Лукашэнка?

  • «Не, гэтая карова ледзь жывая, ты паглядзі, як яна рухаецца».
  • «Навошта вы сюды мяне прывезьлі? Каб я зараз службе бясьпекі загадаў надзець вам наручнікі?»
  • «Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею».
  • «Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср...ная. І на поўсьці ўсё закарэла».

Пасьля таго, як Лукашэнка раскрытыкаваў стан кароўнікаў гаспадаркі, ён загадаў адвесьці сябе на мэханічны двор, дзе таксама пабачыў «безгаспадарчасьць і недабрасумленнае стаўленьне да тэхнікі».

«Навокал могілкі — што на вуліцы, што пад дахам», — падзяліўся Лукашэнка ўражаньнямі ад ангара, дзе нібыта нядаўна купленая тэхніка прыйшла ў няспраўнасьць.