У высокіх цэнах на бульбу, агуркі і моркву вінаватыя не вытворцы, а гандляры, — намесьнік міністра

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі сёлета хочуць сабраць 8,5 мільёна тон збожжа і 1,2 мільёна тон бульбы. Такія лічбы назваў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ўладзімер Гракун. Ён падкрэсьліў, што гэта мінімальныя паказьнікі, настрой у работнікаў — больш высокая плянка.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, якая сытуацыя з азімымі і колькі трэба будзе перасяваць, намесьнік міністра сказаў, што пакуль можна гаварыць толькі пра паўднёвыя раёны Беларусі. Там сытуацыя такая, што перасяваць давядзецца прыкладна ад 3-5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінстэрства сельскай гаспадаркі: Беларусь цалкам забясьпечыць сябе збожжам і бульбай

Што тычыцца прагнозу навукоўцаў, якія казалі, што ў цэлым па краіне неабходна перасеяць 8% азімых, то Уладзімер Гракун лічыць такія высновы завышанымі.

«У рэальнасьці, хутчэй за ўсё, сёлета давядзецца перасеяць толькі 5% азімых», — лічыць чыноўнік.

Чаму ў Беларусі высокія цэны на сельгаспрадукцыю

Намесьнік міністра адказаў і на пытаньне, чаму сёлета цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, найперш на агуркі, бульбу, моркву, значна вышэйшыя, чым былі летась.

Ён сказаў, што вытворцы паднялі сёлета цэны ня больш чым на 7-8% у параўнаньні зь мінулым годам, і гэта выклікана тым, што даводзіцца больш плаціць за сродкі абароны расьлін і ўгнаеньні.

На думку намесьніка міністра, у высокіх цэнах вінаватыя не вытворцы, а тыя, хто прадае сельгаспрадукцыю. У якасьці прыкладу ён назваў цэны, па якіх сельскагаспадарчыя арганізацыі адпускаюць сваю прадукцыю ў гандлёвую сетку. Так, бульба ідзе па 27 капеек за кіляграм, агуркі – за 4 рублі 61 капейку, капуста – за 70 капеек, яблыкі – за 80 капеек.

«Усё, што вышэй за гэта, – накруткі гандлёвых сетак», – патлумачыў Уладзімер Гракун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук