Чаму ў Washington Post расказалі, што Расея не захоча акупаваць Беларусь

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 15 лютага

Ва ўплывовай амэрыканскай газэце The Washington Post выйшаў артыкул пад загалоўкам «Ці паспрабуе Расея акупаваць Беларусь?» (пераклад на расейскую апублікаваў The Village) аўтарства старшыні беларускага «Цэнтру новых ідэяў» Рыгора Астапені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі разглядаюць аб’яднаньне Расеі і Беларусі для захаваньня ўлады Пуціна, — Bloomberg

Артыкул разьмешчаны ў акадэмічным блогу «Monkey Cage», названым так ад цытаты вядомага ў ЗША журналіста Генры Мэнкена: «Дэмакратыя — гэта мастацтва кіраваньня цыркам з клеткі малпаў». У блог пішуць навукоўцы з усяго сьвету, і ў ліку іх Рыгор Астапеня як доктар паліталёгіі.

Аўтар даводзіць, што:

  • Беларусь за апошнія гады стала больш незалежнай;
  • Беларусь і Расея заўсёды спрачаліся ў «пуцінскія» часы;
  • У Крамля ўсё менш рэсурсаў фінансаваць Лукашэнку, хоць Беларусь застаецца для Расеі важнай;
  • Дыскусія аб расейскай акупацыі Беларусі — збольшага палітычны інструмэнт, а не абмеркаваньне рэальнай пагрозы.

Рыгор Астапеня, архіўнае фота

У гутарцы са Свабодай Рыгор Астапеня не пагаджаецца з думкай пра непрадказальнасьць працэсаў у галаве таго, хто прымае рашэньні ў Расеі. Маўляў, ня варта думаць, што рашэньні прымаюцца толькі ў адной галаве. Ён згодны, што ёсьць тысячы варыянтаў разьвіцьця падзеяў, у ліку якіх і варыянт акупацыі Беларусі Расеяй. Але Астапеня ставіцца да яго гэтаксама, як і да сцэнару, у якім Расея пачала б ядзерную вайну.

«Ёсьць відавочныя рэчы, — тлумачыць Астапеня. — Мы бачым, што ў Расеі сёньня няма інтарэсу акупаваць Беларусь, няма такой патрэбы, Беларусь нікуды не сыходзіць, ні на які Захад. Беларусь мае доўгую гісторыю дачыненьняў з Расеяй, і якімі б яны ні былі публічна гарачымі, Беларусь застаецца заўсёды ў сфэры інтарэсаў Расеі, сыходзіць адтуль ніколі не зьбіралася.

Таксама мы бачым, што Расея сёньня ня мае магчымасьці гэта рабіць — нескладана ўявіць, якія санкцыі будуць пасьля такога кроку Расеі. Урэшце, Расея ня ведае, ці зможа правярнуць такі крок: у Беларусі ёсьць якая-ніякая функцыянальная бюракратыя, якое-ніякое функцыянальнае войска».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці было б Беларусі бясьпечней у NATO? Адказы двух экспэртаў

Ён упэўнена заяўляе: «Беларусь — гэта ня Крым і не Данбас», а гісторыя пра магчымае паўтарэньне «крымскага сцэнару» ў Беларусі раз за разам «штучна падтрымліваецца проста таму, што добра гучыць».

Астапеня перакананы, што палітыкі і аналітыкі, якія чытаюць The Washington Post, «не павінны быць ахвярамі гэтай прапаганды» што да расейскай пагрозы для Беларусі. У тым ліку, кажа ён, ня варта верыць Лукашэнку, калі той кажа заходнім палітыкам, маўляў, «мы ня можам рабіць рэформы, бо ў нас тут Расея, вы ж ня хочаце тут Крыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту, — расейскі амбасадар Бабіч