Джон Болтан засьцярог іншыя краіны ад вайсковай падтрымкі Мадура

Джон Болтан

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў справе нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан папярэдзіў, што дзеяньні расейскіх уладаў і рэжыму Мадура могуць прывесьці да дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне, дзе знаходзіцца Вэнэсуэла.

Болтан у пятніцу заявіў, што адміністрацыя Белага дому асуджае выкарыстаньне Нікалясам Мадура замежнай вайсковай сілы для ўтрыманьня ва ўладзе. Паводле словаў дарадцы прэзыдэнта ЗША, гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб прыбыцьці расейскіх вайскоўцаў і расейскіх вайсковых грузаў у Вэнэсуэлу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея павінна адтуль выбірацца» — Трамп заявіў, што расейскія войскі павінны пакінуць Вэнэсуэлу

Выкарыстаньне рэжымам Мадура вайсковай дапамогі прывядзе да далейшых рэпрэсіяў супраць народа Вэнэсуэлы, будзе спрыяць пагаршэньню эканамічнага крызісу і паставіць пад пагрозу стабільнасьць ва ўсім рэгіёне, заявіў Джон Болтан. Ён заклікаў войска Вэнэсуэлы выконваць канстытуцыйныя абавязкі па абароне грамадзян сваёй краіны.

Дарадца Трампа ў справе нацыянальнай бясьпекі, у прыватнасьці, падкрэсьліў:

«Мы рашуча перасьцерагаем сілы, якія знаходзяцца па-за межамі Заходняга паўшар’я, ад разгортваньня вайсковых сродкаў у Вэнэсуэле або ў іншых частках рэгіёну з мэтай... пашырэньня вайсковых апэрацый. Мы разглядаем такія правакацыйныя дзеяньні як прамую пагрозу... міру і бясьпецы ў рэгіёне», — цытуе Джона Болтана «Голас Амэрыкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мадура пойдзе па трупах», — вэнэсуэльскі рэжысэр пра саюзьніка Лукашэнкі