За хабарніцтва ў Крычаве затрымалі загадчыцу «перадавога» садка

Ала Пастухова на раённай дошцы гонару (фота з архіву газэты «Вольны горад»)

У Крычаве затрыманая загадчыца дзіцячага садка № 19 Ала Пастухова, якая ў 2014 годзе не дазваляла падначаленым гутарыць з журналістамі пра абрынаньне мясцовай гімназіі.

62-гадовую Алу Пастухову затрымалі на працоўным месцы і вывелі з садка ў кайданках. Яе вінавацяць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтве. У Сьледчым камітэце Свабодзе пацьвердзілі інфармацыю пра затрыманьне Пастуховай.

«Так, заведзеная крымінальная справа паводле прыкмет ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Падазроная знаходзіцца пад вартай», — паведамілі Свабодзе ва ўправе Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці.

Незаконна завалодала 6 тысячамі далярамі

Паводле папярэдніх зьвестак, яна незаконна завалодалі 6 тысячамі даляраў — нібыта выплачвала прэміі сваім падначаленым, якія потым забірала і выкарыстоўвала на свой розум. Яе ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары магілёўскай турмы № 4.

Садок, якім кіравала Пастухова, у Крычаве лічыўся прывілеяваным. Пра ягоныя дасягненьні пісала дзяржаўная прэса. У публікацыях дашкольную ўстанову і называлі «перадавой», яна неаднойчы станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў, апошні раз — у 2018 годзе.

Узначальвала выбарчую камісію

Ала Пастухова (у цэнтры) старшынюе ва ўчастковай выбарчай камісіі (фота з архіву газэты «Вольны горад»

Пастухова мела ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкаму, нязьменна старшынявала ва ўчастковых выбарчых камісіях. Была на раённай дошцы гонару.

29 жніўня 2014 году Пастухова выгнала з тэрыторыі садка журналістаў, якія спрабавалі пагутарыць зь яе падначаленымі пра абрынаньне будынку гімназіі. Гэтая навучальная ўстанова побач з садком.

Крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны кажа, што арышт Пастуховай стаў рэзананснай падзеяй для 25-тысячнага райцэнтру.

«Вядома ж, падставы для яе зьняволеньня ёсьць і пастанова вывесьці загадчыцу на вачах у падначаленых у кайданках прымалася на абласным узроўні. Яна не шараговы чалавек і лічыла сябе недатыкальнай», — выказваецца Сяргей Няроўны.

З гісторыі арыштаў крычаўскіх службоўцаў

Апошні раз падобным чынам у Крычаве затрымалі ў 2013 годзе генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага.

Скоцкаму інкрымінавалася злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтва. Суд над ім быў паказальным, працэс праходзіў у Крычаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому кіраўніку «Крычаўцэмэнташыфэра» далі 10 гадоў калёніі

Скоцкаму, які незадоўга да арышту паказваў Аляксандру Лукашэнку прадпрыемства, далі дзесяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле сьледзтва, былы кіраўнік незаконна завалодаў 214 мільёнамі недэнамінаваных рублёў. Затрымалі яго ў момант перадачы яму 40 мільёнаў.