Кіраўнік Адэскай вобласьці адмовіўся падпарадкавацца Парашэнку. 

Пятро Парашэнка (зьлева) і Максім Сьцяпанаў

Кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласьці Максім Сьцяпанаў адмовіўся сыходзіць у адстаўку пасьля ўказу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Пра гэта паведамляе агенцтва «УНІАН».

Сьцяпанаў назваў «дзіўным дакумэнтам» падпісаны Парашэнкам указ аб адхіленьні яго ад пасады. Сцяпанаў паведаміў, што прэзыдэнт прапаноўваў яму падаць у адстаўку на мінулым тыдні па ўласным жаданьні. Аднак з гэтай прапановай ён не пагадзіўся.

Такі фотаздымак Сьцяпанаў паставіў сёньня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

Кіраўнік вобласьці заявіў, што юрысты параілі яму не пакідаць пасады. Паводле яго, прэзыдэнт Украіны ня мае права звальняць кіраўнікоў абласных адміністрацый, не атрымаўшы прадстаўленьня па гэтым пытаньні ад кабінэту міністраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штабах Зяленскага і Парашэнкі адрэагавалі на заяву Лукашэнкі пра ўкраінскія выбары

6 красавіка Пятро Парашэнка прызначыў новым губэрнатарам Адэскай вобласьці першага намесьніка Сцяпанава Сяргея Парашчанку. Парашчанка — чалец аблсавету ад партыі «Блёк Пятра Парашэнкі».

У першым туры ўкраінскіх прэзыдэнцкіх выбараў у Адэскай вобласці 31 сакавіка больш за 40 працэнтаў галасоў атрымаў Уладзімір Зяленскі — гэта значна вышэй, чым у сярэднім па Ўкраіне (30,24%). Пятра Парашэнку падтрымала менш за 10 працэнтаў насельніцтва вобласьці (агулам па Ўкраіне — 15,95%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што дэбаты з Парашэнкам будуць — 19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі»