Трамп адрэагаваў на даклад Мюлера аб расейскім умяшаньні ў амэрыканскія выбары

Старонкі з раздрукаванага дакладу Мюлера, прысьвечанага расейскаму ўмяшаньню ў выбары

Генэральны пракурор Уільям Бар у 18 красавіка правёў прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную дакладу спэцпракурора Робэрта Мюлера аб выніках расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў выбары, пасьля чаго тэкст дакладу з купюрамі быў прадстаўлены Кангрэсу і апублікаваны на сайце спэцпракурора, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Трамп апублікаваў некалькі твітаў, у якіх крытыкаваў расьсьледаваньне, назваўшы яго «цкаваньнем прэзыдэнта». У адным зь іх ён разьмясьціў фота самога сябе, стылізаванае пад застаўку папулярнага сэрыяла «Гульня тронаў» з подпісам: «Гульня скончаная».

Пасьля апублікаваньня дакладу прэзыдэнт заявіў, што ў яго складваецца «добры дзень». «Гэта называецца: ніякай змовы, ніякай перашкоды, — дадаў ён. — Дарэчы, ніколі і не было і ніколі ня будзе».

Крыху пазьней Трамп напісаў у «Твітары»: «У мяне было права завяршыць усё гэтае „паляваньне на ведзьмаў“, калі б я хацеў гэтага. Я мог звольніць усіх, уключаючы Мюлера, калі б я захацеў. Я палічыў за лепшае не [рабіць гэтага]. У мяне было права на выкарыстаньне прэрагатывы прэзыдэнта. Я гэтага не зрабіў!»

Пасьля прыбыцьця ў маёнтак Мар-а-Лага на поўдні Флорыды, дзе прэзыдэнт зьбіраецца правесьці велікодныя выхадныя, Трамп зноў зьвярнуўся да карыстальнікаў «Твітара», заявіўшы: «Усё, што расейцы ўчынілі датычна выбараў-2016, было зроблена, калі Абама быў прэзыдэнтам. Яму казалі пра гэта, і ён нічога не зрабіў! Важней за ўсё, што гэта не паўплывала на [зыход] выбараў».

Юрысты прэзыдэнта Трампа заявілі: «Вынікі расьсьледаваньня зьяўляюцца поўнай перамогай для прэзыдэнта. Даклад падкрэсьлівае тое, пра што мы гаварылі з самага пачатку: ніякай змовы і ніякага перашкоды правасудзьдзю не было. Пасьля 17-месячнага расьсьледаваньня, паказаньняў каля 500 сьведак, 2 800 позваў, 500 ордэраў на ператрус, начных рэйдаў, вывучэньня больш за 1,4 мільёна дакумэнтаў і беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва з боку прэзыдэнта, відавочна, што ніякіх злачынных парушэньняў не было. Нішто ня ўтойваў, нішто не было ўтоена, выдалена або зьнішчана».

Як піша Reuters, некаторыя заканадаўцы атрымаюць больш поўную вэрсію дакладу Мюлера ў пачатку наступнага тыдня. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, накіраваным зь Мінюсту на адрас старшыняў юрыдычных камітэтаў Палаты прадстаўнікоў і Сэнату.