Арыштаваны кіраўнік Рады тэйпаў Інгушэтыі, які пратэставаў супраць перадачы зямель Чачні

Падчас акцыі пратэсту 26 сакавіка.

Суд у Кабардзіна-Балкарыі арыштаваў на два месяцы кіраўніка Рады тэйпаў Інгушэтыі Малсага Ужахава. Яго падазраюць у арганізацыі ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас акцыі пратэсту ў Магасе 27 сакавіка.

Адвакат Джабраіл Курыеў распавёў расейскаму праваабарончаму парталу «Медиазона», што Ужахаў пакутуе на дыябэт і сардэчна-сасудзістыя захворваньні, але суд адмовіўся гэта ўлічыць, выносячы рашэньне. У матэрыялах справы ёсьць сьцьвярджэньні аб тым, што падазраваны можа паспрабаваць сысьці ад сьледзтва. Курыеў лічыць іх беспадстаўнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы ў Інгушэтыі перакрылі фэдэральную трасу, раней паліцыя выцясьняла іх з плошчы ў Магасе

Малсага Ужахава затрымалі ў пятніцу ў Назранаўскім раёне Інгушэціі. Узброеныя людзі прыехалі дадому да старшыні Рады тэйпаў і павезьлі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня, які знаходзіцца ў сталіцы Кабардзіна-Балкарыі Нальчыку. Па словах адваката, Ужахаву не дазволілі ўзяць з сабой лекі.

Да гэтага Магаскі раённы суд аштрафаваў Малсага Ужахава за акцыю пратэсту, якая адбылася яшчэ ў чэрвені 2018 году.

26 сакавіка ў Інгушэтыі прайшоў дазволены мітынг супраць дамовы аб мяжы з Чачнёй, пасьля дэманстрацыя перарасла ў сутыкненьні з паліцыяй 27 сакавіка. Былі затрыманыя больш за 50 чалавек. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу аб ужываньні гвалту да прадстаўнікоў улады і закліках да масавых пратэстаў. Ва ўдзельнікаў мітынгаў прайшлі ператрусы, больш за дзесяць актывістаў арыштаваныя.