У Магілёве не дазволілі пікет за перанос хімзаводу на радзіму Лукашэнкі

«Омск Карбон Магілёў»

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў пікет з патрабаваньнем пераносу хімічнага прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон» з-пад Магілёва на малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі ў вёску Александрыю, што ў Шклоўскім раёне.

Пікет хацелі правесьці 1 траўня на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў — афіцыйнай пляцоўцы для масавых мерапрыемстваў. Хоць тут і малалюдна, але насупраць — адміністрацыя Магілёўскага раёну, на тэрыторыі якога і месьціцца «Омск Карбон Магілёў».

Аднак намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка адмовіла заяўнікам, бо ў гэты дзень на стадыёне «пройдзе футбольны турнір сярод дзяцей і падлеткаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сажы ня ўбачылі». Як чыноўнікі пераконвалі, што хімічнае прадпрыемства ня шкодзіць навакольлю

У лістападзе з «Омск Карбона» быў выкід шкодных рэчываў. У суседнім пасёлку Вейна выявілі перавышэньне нарматыву цьвёрдых крупінак у 40 разоў.

Вытворчасьць спынілі, але разам з тым плянуюць павялічыць яе магутнасьць. Жыхары Вейна патрабуюць, каб прадпрыемства ліквідавалі як небясьпечнае.

Кіраўніцтва ж «Омск Карбона» выкіду не прызнае і лічыць, што супраць заводу вядзецца інфармацыйная вайна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць якіх шкодных вытворчасьцяў пратэставалі беларусы і чаго дамагліся. МАПА