МУС адказала, чаму ў Беларусі не легалізуюць траўматычную зброю

Траўматычны пісталет. Ілюстрацыйнае фота.

На сайце Petitions.by зьявіўся адказ Міністэрства ўнутраных справаў на зварот аб легалізацыі траўматычнай зброі ў Беларусі, які падтрымалі 87 карыстальнікаў.

Аўтары звароту адзначалі, што закон «Аб зброі» цалкам забараняе траўматычную зброю, за яе захоўваньне пагражае да 7 гадоў турмы. Але за захаваньне летальнай зброі, у прыватнасьці гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы, можа пагражаць толькі штраф. У звароце прасілі дазволіць абарачэньне траўматычнай зброі з пачатковай энэргіяй кулі да 80 Дж у якасьці спартовай.

Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня міліцыі грамадзкай бясьпекі Алег Каразей адказаў на прапанову адмовай. МУС прызнае, што траўматычная зброя не прызначаная для прычыненьня сьмерці, але кажа пра «высокую ступень небясьпекі»: нават такая зброя можа прывесьці да сьмерці або сур’ёзных траўмаў, што пацьвярджаецца судова-сьледчай практыкай.

Адзначаецца таксама, што такая ж забарона дзейнічае ў Казахстане, а ў Расеі, дзе траўматычная зброя дазволеная для самаабароны, яна ўжываецца і для нападаў, разбою і хуліганства.

Таксама МУС адзначае, што траўматычную зброю можна насіць схавана, а звычайную гладкаствольную паляўнічую – праблематычна, а за стварэньне абрэзаў гладкаствольнай зброі для скрытага нашэньня прадугледжаная ўжо крымінальная адказнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бясьпечна ў Беларусі? Толькі 40% беларусаў лічаць, што так

Тым часам закон «Аб зброі» дазваляе выкарыстоўваць для самаабароны звычайным фізычным асобам газавыя пісталеты і рэвальвэры, газавыя балёнчыкі, а таксама электрашокеры. Для набыцьця газавай і сыгнальнай зброі трэба мець дазвол ад органаў унутраных справаў, зарэгістраваць набытую зброю ў МУС. Распыляльнікі і электрашокеры рэгістраваць ня трэба.

Як спартовая зброя (якой нельга валодаць проста так любому ахвочаму) дазволены гладкаствольныя стрэльбы і стрэльбы з наразным ствалом, пнэўматычная (з пачатковай энэргіяй кулі 3–25 Дж), халодная і кідальная зброя. Як паляўнічая зброя (якую таксама нельга мець без ліцэнзіяў) дазволены гладкаствольныя, наразныя і камбінаваныя стрэльбы, пнэўматычная зброя (з пачатковай энэргіяй 7,5–25 Дж) і халодная зброя. Таксама дазволена сыгнальная зброя.