Міністар сувязі сказаў, што ня ведае, ці затрыманы гендырэктар «Белтэлекаму»

Сяргей Сівадзедаў, генэральны дырэктар «Белтэлекам», архіўнае фота

Міністар сувязі Беларусі Канстанцін Шульган заявіў на прэс-канфэрэнцыі 2 траўня, што ня мае зьвестак пра лёс генэральнага дырэктара «Белтэлекам».

На пытаньне карэспандэнта Свабоды аб зьвестках пра затрыманьне Сяргея Сівадзедава, якое нібыта адбылося каля тыдня таму ў сувязі з карупцыйнай справай, Шульган адказаў:

«Зразумела, што пытанне хвалюе многіх. Афіцыйнай інфармацыі ў мяне на гэты момант няма».

Раней камэнтаваць зьвесткі пра Сівадзедава адмовіліся і Сьледчы камітэт, і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі — інфармацыю не пацьвярджалі і не абвяргалі. У «Белтэлекаме» адказвалі, што Сівадзедаў нібыта «на бальнічным».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гендырэктар «Белтэлекаму» затрыманы? Кажуць, «на бальнічным» 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога кіраўніка аховы Лукашэнкі затрымалі за супрацу з ФСБ, — «Росбалт»