Трохмэтровы князь на кані. Зацьверджаны праект помніка Гедзіміну ў Лідзе. ФОТА

Скульптура князя Гедзіміна ў гліне ў менскай майстэрні

Скульптура князя Гедзіміна ў гліне прайшла апошні этап ухваленьня. Бронзавы помнік мае зьявіцца ў жніўні.

Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада ў манумэнтальным мастацтве зацьвердзіла скульптуру, выкананую ў арыгінальным памеры, 27 траўня. Аўтары — скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай.

Сяргей Аганаў і Вольга Нячай, архіўнае фота

Вышыня помніка «ад капытоў каня да макушкі галавы князя» складае 3,2 мэтра, разам з пастамэнтам — 6,2 мэтра. Над фігурай у мяккім матэрыяле майстры працавалі больш за 3 месяцы амаль без выходных, расказаў Сяргей Аганаў.

Помнік князю Гедзіміну

Цяпер скульптурны камбінат рыхтуе формы, каб адліць скульптуру ў бронзе, і працуе над гранітным пастамэнтам. Канчатковы помнік плянуюць вырабіць да сярэдзіны жніўня. У Лідзе яго хочуць адкрыць у верасьні. Яго паставяць каля паўночнай сьцяны Лідзкага замка, на скрыжаваньні вуліц Грунвальдзкай і Замкавай.

На пастамэнце зробяць надпіс «Гедымін» і выяву герба «Калюмны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гедымін ці Гедзімін? Аўтары помніка для Ліды папрасілі дапамогі гісторыкаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гедымін» перамог «Гедзіміна». Навукоўцы паспрачаліся праз помнік князю ў Лідзе

Як патлумачыў Сяргей Аганаў, вобраз князя хацелі зрабіць цэльным, без празьмерных падрабязнасьцяў. Таму ягоную фігуру і часткова каня накрывае вялізны плашч. Ён сымбалізуе ўладу Гедзіміна, землі, якія той сабраў у Вялікае Княства Літоўскае.

«Як у Багародзіцы Пакровы, так і Гедзімін нібы зьбірае і аб’ядноўвае нашыя землі. Плашч — сымбаль гэтага», — кажа Аганаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта помнік сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу», — пераможца у конкурсе эскізаў коннага помніка Гедзіміну

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.