Як раіць змагацца з аўтарытарызмам польскі апазыцыянэр-баксёр

Уладыслаў Фрасынюк

«Шаноўнае спадарства, 4 чэрвеня 1989 году ў Польшчы скончыўся камунізм». Гэты сказ польскай акторкі Ёанны Шчапкоўскай у этэры польскай тэлевізіі 30 гадоў таму ведае амаль кожны паляк. Так яна падсумавала вынікі першых пасьля вайны вольных выбараў у Сэйм. Яны сталі адной з галоўных падзеяў найноўшай гісторыі краіны, якія зьмянілі Польшчу.

Перамены ў Польшчы адбыліся дзякуючы прафсаюзу «Салідарнасьць», які прымусіў камуністаў пайсьці на саступкі. Апазыцыя ў новым Сэйме атрымала больш траціны месцаў. Неўзабаве ўрад узначаліў першы некамуністычны прэм’ер, а ў краіне пачаліся рынкавыя рэформы. Ад таго часу ў Польшчы назіраецца пастаянны эканамічны рост. Краіна ўвайшла ў Эўраўзьвяз і NATO. У параўнаньні з 1989 годам палякі сёньня ў 5 разоў багацейшыя.

Прыхільнікі польскай апазыцыі сьвяткуюць легалізацыю "Салідарнасьці", 1989 год

У Дзень Свабоды і грамадзянскіх правоў, які быў устаноўлены ў памяць аб выбарах 4 чэрвеня, Свабода размаўляе з адным са стваральнікаў «Салідарнасьці» Уладыславам Фрасынюком.

Да легендарнага прафсаюзу ён далучыўся ўжо ў першыя дні. 26-гадовы ў той час шафёр і баксёр з Уроцлаву ўзначаліў структуры «Салідарнасьці» у Ніжняй Сілезіі. Яго неаднаразова арыштоўвалі, зьбівалі, некалькі гадоў Фрасынюк правёў у турме. У вольнай Польшчы ён быў дэпутатам, лідэрам партыі і кіраўніком баксёрскага клюбу.

Сёньня Ўладыславу Фрасынюку 64 гады, ён кінуў палітыку і жыве ў родным горадзе. Займаецца бізнэсам і боксам.

Пра польскі посьпех

Гданьск, горад дзе нарадзілася "Салідарнасьць"

  • Я ўсё жыцьцё езьдзіў на грузавіку. Польскія гарады 30 гадоў таму былі ў руінах. Сёньня гэтых гарадоў не пазнаць. Гэта сучасныя гарады, нібыта яны былі багатымі цэлыя пакаленьні. Мы ня толькі скінулі камунізм, мы збудавалі эфэктыўную эканоміку. Мы выкарысталі сваю сілу і крэатыўнасьць, пры тым, што мы былі першым пакаленьнем, якое пасьля вайны пачало ствараць прыватныя фірмы. У нас ня ўзьнікла алігархіі. У Польшчы звычайныя людзі стваралі фірмы і будавалі дабрабыт.
  • Калі я чую ад крытыкаў пераменаў 90-х, што ў Польшчы ўсё яшчэ галеча, што Польшча ўсё яшчэ бедная краіна, дык хачу тады спытацца: а чаму тады так шмат беларусаў і ўкраінцаў сюды едзе працаваць і жыць? А таму, што яны ўспрымаюць Польшчу як багатую Эўропу, а ня бедны былы СССР. Іншыя плачуць, што ў Польшчы не хапае працы. Я займаюся транспартным бізнэсам. У Польшчы не хапае 120 тысяч кіроўцаў. Я сам гэта адчуваю, бо шукаю рабочых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь можа дагнаць Захад. Парады галоўнага рэфарматара Польшчы
  • Моладзь цяпер часта нас крытыкуе, што мы нешта рабілі ня так, што трэба было іначай. Гэта звычайны пратэст дзяцей супраць бацькоў, якія далі ім усё. Сёньня вельмі проста думаць заднім чыслом. Калі я пытаюся ў маладых, што трэба было рабіць, то ня чую ніякіх рацыянальных адказаў.
  • «Салідарнасьць» вызваліла ў палякаў сілу і крэатыўнасьць. Дзякуючы ёй мы зьмянілі сыстэму. Нам ёсьць над чым працаваць. Але мы ўжо пострабы. Ва Ўкраіне людзі змагаюцца, каб быць пострабамі, а вы ў Беларусі, на жаль, яшчэ рабы.
  • Я лічу, што наш Дзень незалежнасьці, які мы сьвяткуем 11 лістапада (у гонар 1918 года – РС) – гэта сумнеўная дата. Калі я сядзеў у турме, не было ніякай свабоднай Польшчы. Ярузэльскі – гэта не незалежная Польшча. У нас павінна быць сучасная дата незалежнасьці – 4 чэрвеня, калі мы зрынулі камунізм.

Пра агентурнае мінулае Леха Валэнсы

Лех Валэнса

  • Польскія комплексы, на жаль, прыводзяць да таго, што мы топім уласных герояў. Бо чалавек, які быў у часы салідарнасьці прафэсарам або інжынэрам, ня можа дараваць сабе, што гэта ня ён, а нейкі электрык Валэнса кіраваў прафсаюзам, што нейкі шафёр Фрасынюк быў на вяршыні. Таму яны топяць Валэнсу.
  • У Валэнсы мог быць такі эпізод, але ці нехта можа паверыць у тое, што арганізатар пратэстаў, якія прывялі да зьмены сыстэмы, працаваў на тую сыстэму, якую ён зьнішчыў? Вы думаеце, што камуністы яго аб гэтым прасілі? Ці верыце вы ў тое, што Лукашэнка можа даць свабоду, выбары, права на дэманстрацыі і няўрадавыя арганізацыі, каб нехта яго зрынуў? Дык чаму вы тады думаеце, што лялька Масквы ў ПНР была гатовая рабіць нешта дзеля таго, каб ён мог страціць уладу?
  • Цяпер гісторыю ў Польшчы фальсыфікуюць. Яраслаў Качынскі (лідэр кіроўнай партыі ПіС – РС) спрабуе перапісаць гісторыю. Яны нішчаць Леха Валэнсу. Ён хоча зрабіць галоўным героем «Салідарнасьці» свайго загінулага брата Леха Качынскага. Яны ствараюць нават новых герояў вайны. Гэта ўжо не жаўнеры Арміі Краёвай, а Выклятыя жаўнеры. Гэта страшна. Гэта характэрна для народаў, якія ў нашым рэгіёне жылі пад таталітарызмам. Лідэры такіх краін вельмі любяць спасылацца на мёртвых. Бо тады ў іх вусны можна ўкласьці што хочаш.

Як змагацца з аўтарытарызмам

Фрасынюк падчас пратэсту супраць судовай рэформы ў Польшчы, 2017 год

  • ​Рэцэпт вельмі просты. Каб перамагчы, трэба спачатку мець погляды і каштоўнасьці. Трэба мець пачуцьцё, што я хачу жыць у сумленнай краіне, каб жыць у гэтай краіне сумленна. Для мяне такімі каштоўнасьцямі зьяўляюцца рынкавая эканоміка і талерантнасьць. Дапамагчы ў гэтым можа адукацыя. Яна выхоўвае павагу да каштоўнасьцяў і прынцыпаў.
  • Другая справа - арганізацыя. Чаму перамагла «Салідарнасьць»? Бо яна стварыла магутную арганізацыю. А арганізацыя - гэта грошы. Бяз гэтага не пераможаш. Сёньня людзі, якія патэнцыйна маглі б мяняць сыстэму, сядзяць у Фэйсбуку і лічаць свае лайкі. Зьбяруць 100 тысяч лайкаў і думаюць, што ўсё окей і што яны зрабілі нешта важнае.
  • Важнае пачуцьцё супольнай місіі. Я не разумею, чаму ў вас на выбары ідзе пяцёра кандыдатаў, а не адзін. У мяне тады складаецца ўражаньне, што гэта Расея іх туды ўвапхнула. Вядома, што з такім падзелам нічога ня будзе
  • Трэба ўмець дамаўляцца і спалучаць маладосьць з досьведам. Мне было 26 гадоў, я быў рабочым, але я не баяўся запрасіць да супрацы прафэсараў. Я ведаў, што яны валодаюць ведамі, якіх няма ў мяне. А я ўмеў тое, чаго ня ўмелі яны, стварыць арганізацыю.
  • Ні ў кога няма выключнага права на праўду. Увесь час трэба размаўляць і слухаць.
  • Ад рэпрэсіяў ці гвалту мяне часам бараніла публічнасьць. Трэба пра ўсе такія выпадкі, ці пробу вярбоўкі, гаварыць заўсёды на ўвесь голас.
  • Ня трэба мець комплексаў. Што з таго, што нехта ведае 17 моваў, калі на аніводнай яму няма чаго сказаць. Я ведаю нямала прафэсараў поўных ідыётаў. Іх адзіная перавага гэта тое, што іх слоўнікавы запас большы, чым у шафёра або сьлесара. Таму і складаней зразумець, што ён ідыёт.

Уроцлаў, родны горад Уладыслава Фрасынюка

  • «Салідарнасьць» таксама не была цалкам аднароднай. Але ў нас была ляяльнасьць да лідэраў страйку. Калі беларуская апазыцыя ня можа дамовіцца аб адзінстве і кожны лічыць сябе самым крутым, то няхай кінуць манэту і так вырашаць пытаньне зь лідэрамі. Лідэрства палягае на тым, што мы слухаем адзін аднаго, што мы ўмеем ісьці на здаровыя кампрамісы, без каньюнктуралізму. Бо сварыцца паміж сабою пад аўтарытарнай уладай - гэта значыць зьмяншаць шанцы на перамогу над гэтай сыстэмай. А калі ў вас ужо будзе дэмакратыя, то сварыцеся колькі заўгодна.
  • Некаторыя мае былыя паплечнікі, якія крытыкуюць мяне за ўдзел у «круглым стале», крычаць, што нельга было дамаўляцца з камуністамі. Пакінем у баку, што частка зь іх была там разам са мною. Ёсьць і такія, хто да сёньня сьцьвярджае, што ўсе здрадзілі. Была створаная нават «Змагарная Салідарнасьць», якая, нібыта, не пагадзілася з такім шляхам пераменаў. Ёю кіруе бацька нашага прэм’ера, былы апазыцыянэр Карнэль Маравецкі. І чым больш ён робіцца старэйшы, тым часьцей ён кажа, што тады трэба было ўсё падарваць. Праблема ў тым, што я не прыгадваю, каб гэтыя радыкалы падарвалі хаця б адзін трамвай ва Ўроцлаве або ўчынілі самасуд над міліцыянтам. Калі радыкаламі былі яны, то чаму прысуд за зьбіцьцё начальніка турмы атрымаў я? Калі я гляджу на гэтых папяровых герояў, якія паказваюць усім цягліцы, то хачу сказаць, што мае цягліцы і так мацнейшыя, чым іхныя.
  • З турмы я вынес навуку, што найбольш трэба баяцца слабых і баязьліўцаў. У турме былі ахоўнікі, якія мяне фізычна баяліся. Але калі яны заходзілі ўшасьцёх, то былі бязьлітаснымі. Ня моцныя былі жорсткімі, якія мелі ўладу і самаўпэўненасьць, а менавіта слабакі. Натоўп баязьліўцаў – вялізная пагроза. Гэты натоўп у страху будзе катаваць, таптаць і забіваць. Страх – гэта жахлівы рухавік для накручваньня агрэсіі. Менавіта слабыя першымі ўключаюць агрэсію, каб схаваць сваю слабасьць.
  • Падчас першай адседкі адзін стары крыміналіст сказаў мне: «Калі ты ўмееш лічыць, то разьлічвай толькі на сябе». Гэта геніяльная думка і ня толькі пра турму. Гэта прынцып кожнага грамадзяніна. Не глядзі на іншых. Гэта ты павінен вырашаць, ці ісьці на рызыку, рабіць тое або гэта. Разьлічвай толькі на сябе. А потым гэта дапаможа знайсьці табе партнэраў сярод суседзяў, на працы і г. д. Так і нараджаецца салідарнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы менскага дэпо пабудуюць дамы. А вось што зрабілі палякі